|   Сярод прадстаўнікоў мэдыяў, якія беспасярэдне сочаць 
              за падзеямі на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая праходзіць 
              у гэтыя дні ў Страсбуры, ёсьць і беларуская журналістка Ірына Халіп. 
              Мы зьвязаліся зь ёю і папрасілі выказаць свае ўражаньні ад таго, 
              што адбываецца ў Страсбуры. 
             (Халіп:) «Цікавасьць да беларускага пытаньня вельмі высокая. Шчыра 
              кажучы, я не назірала такога нават тады, калі ў 2004 годзе абмяркоўваўся 
              даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых у Беларусі. Цяпер у кулюарах 
              абмяркоўваюць толькі два пытаньні: дэбаты па Чачні і дэбаты па Беларусі. 
             
            Палітычны расклад такі: расейская дэлегацыя рыхтуе сябе на ролю 
              беларускага адваката. Гэта нават прагучала тут два дні таму. Кіраўнік 
              расейскай дэлегацыі Канстанцін Касачоў сказаў, што калі беларускі 
              сьпікер Канаплёў усё ж не прыедзе ў Страсбур, дык тады расейскія 
              дэпутаты будуць мець права размаўляць з трыбуны ад імя Беларусі. 
             
            Адзін з заходніх парлямэнтароў спытаў у спадара Касачова, ці можа 
              кіраўнік расейскай дэлегацыі ўзяць асабіста на сябе ролю адваката 
              Лукашэнкі. Касачоў адказаў, што ён можа быць адвакатам не Лукашэнкі, 
              а Беларусі. Тады ў Касачова спыталі пра тое, ці ўпэўнены ён, што 
              Беларусі патрэбныя такія адвакаты, як ён. Расейскі кіраўнік вырашыў 
              скончыць дыскусію.  
            Такім чынам, ёсьць супрацьстаяньне расейскай дэлегацыі (яна традыцыйна 
              вельмі вялікая) і парлямэнтароў з усіх іншых эўрапейскіх краінаў, 
              якія гатовыя адстойваць дэмакратыю ў Беларусі і вельмі жорсткі падыход 
              Эўропы да таго, што ў Беларусі адбываецца». 
               
               
               Радыё Свабода  
                     |