|   «Выкладзеныя ў справаздачы эстонскага дэпутата 
              Андрэса Хэркеля высновы і рэкамэндацыі па Беларусі падзяляе найбольшая 
              колькасьць ўдзельнікаў зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады 
              Эўропы (ПАРЭ) ў Страсбуры», паведамілі Свабодзе ў палітычным камітэце 
              Парлямэнцкай Асамблеі. Даклад «Сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх 
              выбараў» будзе прадстаўлены Асамблеі заўтра а 10-й раніцы. Напярэдадні 
              тэкст дакумэнту быў распаўсюджаны сярод парлямэнтароў для азнаямленьня. 
            Як вынікае з дакладу Андрэса Хэркеля, «патэнцыял для дэмакратычных 
              пераўтварэньняў у часе маючых адбыцца сакавіцкіх выбараў невялікі, 
              паколькі рэжым Лукашэнкі сканцэнтраваў у сваіх руках усе галіны 
              ўлады».  
            Тым ня меней, «значэньне маючых адбыцца выбараў ня можа быць недаацэненае». 
             
            У дакумэнце адзначаецца важнасьць згуртаванасьці апазыцыі ў часе 
              вылучэньня агульнага кандыдату і выказваецца надзея, што падобная 
              згуртаванасьць праціўнікаў рэжыму можа быць вельмі эфэктыўнай пасьля 
              выбараў;  
            надаецца ўвага ўнікальнасьці сытуацыі з адзіным кандыдатам, «які 
              мае шанцы прасунуць дэмакратыю сярод электарату, узьняць імідж дэмакратычных 
              сілаў у Беларусі, а, з другога боку, прыцягнуць увагу міжнароднай 
              супольнасьці ў справе далейшай падтрымкі дэмакратыі ў краіне»;  
            выказваецца надзея, што будучыя выбары стануць каталізатарам для 
              ўсё яшчэ нескаардынаваных паміж сабой намаганьняў міжнародных арганізацыяў. 
             
            У якасьці галоўнай перашкоды для прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі 
              міжнародная супольнасьць бачыць абмежаваны доступ насельніцтва краіны 
              да інфармацыі, гаворыцца ў дакумэнце,  
            падкрэсьліваецца, што асноўнае значэньне будзе па-ранейшаму надавацца 
              замежнаму вяшчаньню на Беларусь;  
            адзначаецца неабходнасьць ўсебаковай падтрымкі беларускіх дэмакратычных 
              сілаў, запрашэньня іхных прадстаўнікоў на сэсіі ПАРЭ, іншыя міжнародныя 
              сустрэчы;  
            вітаюцца спробы правядзеньня самых розных мерапрыемстваў па пытаньнях 
              дэмакратызацыі Беларусі, уключна з маючай адбыцца канфэрэнцыяй у 
              Празе;  
            выказваецца мэтазгоднасьць аднаўленьня працы Парлямэнцкай тройкі, 
              якая б засяродзіла сваю ўвагу ня толькі на прэзыдэнцкіх выбарах 
              2006, але і на парлямэнцкіх 2008;  
            рэкамэндавана, каб Эўразьвяз у межах сваёй кампэтэнтнасьці у пытаньнях 
              візавай палітыкі і іміграцыі, надаў бы больш увагі візавым запытам 
              з боку беларускіх грамадзянаў і студэнтаў, а таксама распаўсюдзіў 
              бы візавую забарону на большую колькасьць беларусаў, якія актыўна 
              зьвязаныя з рэжымам;  
            рэкамэндавана, каб Эўразьвяз зрабіў актыўныя захады па ідэнтыфікацыі 
              і замаражваньні замежных банкаўскіх рахункаў і актываў, якія належаць 
              прэзыдэнту Лукашэнку.  
            Ацэньваючы цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, ПАРЭ ня бачыць 
              магчымым аднавіць гасьцявы статус гэтай краіны ў арганізацыі.  
            ПАРЭ патрабуе ад беларускіх уладаў зьмяніць цяперашнюю палітыку 
              і наблізіцца да эўрапейскіх стандаратаў. У гэтым зьвязку праведзеныя 
              ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі маючыя адбыцца выбары 
              могуць стаць тым важным момантам, які будзе улічаным ПАРЭ. 
               
               
               Радыё Свабода  
                     |