|   Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю 
              па Беларусі, у якой выказалася за ізаляцыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі 
              й заклікала падтрымаць дэмакратычную апазыцыю. 
             Як паведаміў «Свабодзе» спэцыяльны дакладчык па Беларусі эстонскі 
              парлямэнтар Андрэс Хэркель, ён вельмі задаволены рэакцыяй сваіх 
              калегаў у ПАРЭ на ягоную сёньняшнюю справаздачу. Ён заявіў, што 
              таксама добра прайшлі абмеркаваньне і галасаваньне па рэзалюцыі. 
             
            (Хэркель: ) «Было крыху крытыкі з боку расейскай дэлегацыі і эўрапейскіх 
              левых, якія сказалі, што ўсё гэта вытрымана ў змрочных танах. Аднак 
              я лічу, што нічога пазытыўнага ў Беларусі апошнім часам не адбылося. 
              Нават назіраецца нэгатыўная тэндэнцыя ў галіне юстыцыі — я маю на 
              ўвазе апошні антыграмадзкі, антыдэмакратычны пакет законаў».  
            У справаздачы дакладчыка ПАРЭ ўпершыню прагучала прапанова замарозіць 
              замежныя банкаўскія рахункі й актывы беларускага прэзыдэнта. Ці 
              рэальна ажыцьцявіць гэта? — пацікавіліся мы ў спадара Хэркеля.  
            (Хэркель: ) «Гэта можа быць ажыцьцёўлена, калі Рада Эўропы гэта 
              падтрымае, бо падобныя выпадкі былі раней. Гэта тычылася тэрарыстычных 
              арганізацыяў. Аднак у выпадку з Лукашэнкам мы маем справу са злачынным 
              рэжымам. Я думаю, гэта ўсё адэкватна. На першым чытаньні ў палітычным 
              камітэце была прапанова зьняць гэты пункт, аднак прапанова была 
              ўсё роўна падтрымана большасьцю галасоў».  
            Паводле спадара Андрэса Хэркеля, у канчатковую рэзалюцыю ўвойдуць 
              некалькі дадатковых прапановаў, зь якімі ў часе дэбатаў выступілі 
              некаторыя парлямэнтары, пераважна сябры камітэту культуры і адукацыі. 
              Адзін зь іх, галяндзкі дэпутат Бэрт Ван Вінзэн, заявіў:  
            (Ван Вінзэн: ) «Асабіста мае прапановы маюць на ўвазе пашырэньне 
              кантактаў зь Беларусьсю на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці. Гэта 
              кантакты розных грамадзкіх групаў — культурніцкіх, студэнцкіх, спартовых. 
              Нават пры байкоце рэжыму Лукашэнкі яны не павінны спыняцца. Я сказаў 
              пра гэта вельмі выразна. І я вельмі задаволены дэбатамі. Мне ўдалося 
              коратка паразмаўляць з прэзыдэнтам ПАРЭ, маім суайчыньнікам, Рэнэ 
              ван дэр Ліндэнам, і ён даў таксама вельмі высокую ацэнку справаздачы. 
              Цяпер мы чакаем рэакцыі з боку Камітэту міністраў, а таксама рэакцыі 
              з боку Рады Эўропы, Эўразьвязу, АБСЭ».  
            Нашы суразмоўцы мяркуюць, што большасьць краінаў-сябраў Рады Эўропы 
              і іншых эўрапейскіх арганізацыяў маюць падтрымаць гэты дакумэнт. 
               
               
               
               Радыё Свабода  
                     |