|   Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала да 
              міжнароднай ізаляцыі аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і 
              падтрымала дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі. 
             У часе сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры Асамблея прыняла спэцыяльную 
              рэзалюцыю па Беларусі. Яна грунтавалася на справаздачы, падрыхтаванай 
              прадстаўніком Азэрбайджану ў ПАРЭ Асімам Малазадэ.  
            81 дэпутат былі «за», 15-супраць, а 4 ўстрымаліся. У рэзалюцыі, 
              у прыватнасьці, асуджаецца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. «У адрозьненьне ад усіх астатніх эўрапейскіх краін, Беларусь не 
              выконвае неабходныя ўмовы ў галіне плюралістычнай дэмакратыі, вяршэнства 
              закону і павагі да правоў чалавека, каб стаць сябрам Рады Эўропы»-гаворыцца 
              ў дакумэнце.  
            У рэзалюцыі адзначаецца неабходнасьць падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі 
              дзеля яе кансалідацыі і заклікаюцца міжнародныя арганізацыі, уключна 
              з Эўразьвязам і АБСЭ, выпрацаваць сумесную стратэгію дапамогі дэмакратычнаму 
              працэсу ў Беларусі.  
            Асамблея заклікала пашырыць сьпіс чыноўнікаў беларускага кіраўніцтва, 
              якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.  
            У часе сэсіі ПАРЭ дакладчык палітычнага камітэту Рады Эўропы ў 
              справах Беларусі Андрэс Хэркэль заявіў:  
            (Хэркель: ) «Як нам усім вядома, на жаль, Беларусь — адзіная краіна 
              ў Эўропе, якая, у адрозьненьне ад іншых, не выконвае стандартаў 
              дзеля таго, каб стаць сябрам нашай дэмакратычнай супольнасьці. ...Перш 
              за ўсё я хачу згадаць так званы антырэвалюцыйны закон, а дакладней 
              — цэлы пакет розных законаў. Мне вельмі не падабаецца сама фармулёўка «антырэвалюцыйны закон». Праўдападобна, больш трапным быў бы назоў «антыдэмакпратычны закон». Гэта пакет законаў накіраваных супраць 
              грамадзтва ў цэлым, супраць усяго беларускага народу».  
            У часе сэсіі АБСЭ шмат увагі было прысьвечана палітычным зьнікненьням 
              у Беларусі. Аўтар справаздачы «Зьніклыя людзі ў Беларусі», дакладчык 
              камітэту юрыдычных справаў і правоў чалавека Рады Эўропы Хрыстас 
              Пугрурыдэс заклікаў зьбіраць і захоўваць усю даступную інфармацыю 
              пра гэта.  
            (Пургурыдэс: ) «Карыстаючыся нагодай, я хачу настойліва заклікаць 
              усіх беларусаў, якія валодаюць зьвесткамі, датычнымі зьнікненьня 
              людзей ў Беларусі, перадаць іх мне, альбо ў сакратарыят юрыдычных 
              спраў і правоў чалавека. Мы хочам надзейна сабраць гэтую інфармацыю 
              і захаваць яе для скарыстаньня ў будучыні. Лукашэнка імкліва становіцца 
              на шлях дыктатараў многіх іншых краінаў».  
            У прынятай рэзалюцыі заклікаецца да правядзеньня незалежнага расьсьледваньня 
              зьнікненьняў лідэраў апазыцыі і журналіста.  
            У сэсіі ПАРЭ ўзяў кандыдат на прэзыдэнта аб аб’яднанай апазыцыі-Аляксандар 
              Мілінкевіч. Выступаючы перад удзельнікамі сэсіі, ён заявіў, што «на сёньняшні дзень у Беларусі няма ніякай дэмакратыі» і што «беларускае 
              грамадзтва паралізаванае страхам».  
            (Мілінкевіч: ) «Няўжо могуць быць свабоднымі выбары ў сытуацыі, 
              калі крытыка на адрас ўладаў разглядаецца як атака супраць дзяржавы? 
              Са студзеня гэтага году такая крытыка лічыцца крымінальным злачынствам. 
              Ці ж могуць быць свабоднымі выбары ў краіне, дзе не існуе незалежнага 
              радыё і тэлебачаньня? Год таму прэзыдэнт краіны парушыў Канстытуцыю 
              і арганізаваў рэфэрэндум, які дазволіў яму балятавацца на пасаду 
              кіраўніка дзяржавы на трэці тэрмін. Ні мы, ні дэмакратыі ўсяго сьвету 
              не прызналі гэтага рэфэрэндуму».  
            Сёньня Мілінкевіч мае сустрэцца з генэральным сакратаром Рады Эўропы 
              Тэры Дэвісам, прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ 
              ван дэр Ліндэнам і дакладчыкам Групы за Дэмакратычную Беларусь Стывэнам 
              Гоўардам. У панядзелак адбудзецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча 
              з міністрамі замежных спраў Эўразьвязу.  
            У сэсіі ПАРЭ ўдзельнічаў таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў 
              Уладзімір Канаплёў. У часе свайго выступленьня ён заявіў, што «ў 
              Беларусі ня будзе ніякай каляровай рэвалюцыі».  
            (Канаплёў: ) «Я магу Вас запэўніць, што рэвалюцыі ў Беларусі 
              не атрымаецца: ні аранжавай, ні джынсавай, і ніякай іншай. Проста 
              народ гэтага не падтрымае. Мы не разумеем, а магчыма і разумеем, 
              за што вы атакуеце Рэспубліку Беларусь. У нашай краіне сытуацыя 
              ня горшая, а ў многім нават лепшая, чым ў іншых рэгіёнах. Магчыма 
              за тое, што мы не становімся на калені перад Злучанымі Штатамі. 
              А што з таго, калі станем на калені? Што Эўропа выйграе ад гэтага?» 
             
            У якасьці адзінага дэлегата Парлямэнцкай Асамблеі беларускае кіраўніцтва 
              падтрымаў сябра расейскай дэлегацыі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай 
              партыі Расеі Ўладзімір Жырыноўскі.  
             
              Радыё Свабода 
                     |