|   У польскім Сэйме створаная «Дэпутацкая група на 
              карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю». Яе сябры — а гэта дэпутаты 
              і кіруючай партыі, і апазыцыі — маюць намер актывізаваць працу польскага 
              парлямэнту і парлямэнтаў суседніх дэмакратычных краінаў у справе 
              ціску на цяперашнія беларускія ўлады, каб яны паважалі правы грамадзянаў. 
             Дэпутатская група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю паўстала 
              з ініцыятывы дэпутатаў буйнейшай апазыцыйнай фракцыі «Грамадзянская 
              плятформа» і дэпутатаў ад кіруючай партыі «Закон і справядлівасьць». 
              Гаворыць адзін з галоўных ініцыятараў яе стварэньня, дэпутат зь 
              Беласточчыны Робэрт Тышкевіч.  
            (Тышкевіч: ) «Мы бачым чатыры сфэры парлямэнцкай дзейнасьці, якія 
              мы маглі б актывізаваць. Па-першае, гэта прыняцьцё ўсемагчымых рэзалюцыяў 
              у справе парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Падаецца, што цяпер 
              у гэтай справе больш актыўны эўрапейскі парлямэнт, а ня польскі 
              — гэта трэба зьмяніць. Мы павінны заняць цьвёрдую пазыцыю і ціснуць 
              на рэжым Лукашэнкі. Па-другое, мы хочам зьвярнуць увагу парлямэнтаў 
              суседніх дэмакратычных краінаў — Літвы, Латвіі, Украіны — на тое, 
              што адбываецца ў Беларусі, каб мы разам на міжнароднай арэне маглі 
              выступаць у гэтай справе.  
            Па-трэцяе, трэба націскаць на ўрад, каб Польшча больш актыўна падтрымлівала 
              дэмакратычныя сілы ў Беларусі, адстойвала правы нашай нацыянальнай 
              меншасьці. І, нарэшце, супрацоўніцтва зь недзяржаўнымі арганізацыямі». 
             
            Спадар Тышкевіч спадзяецца, што да новай парлямэнцкай групы далучацца 
              дэпутаты ад усіх палітычных сілаў, прадстаўленых у цяперашнім польскім 
              парлямэнце.  
            (Тышкевіч: ) «На карысьць гэтага сьведчыць перадусім тое, што так 
              шмат дэпутатаў былі ў залі паседжаньняў парлямэнту ў часе ўчорашняга 
              выступу Аляксандра Мілінкевіча, тое, як яго віталі. Яшчэ зьвярту 
              ўвагу, што група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю паўстала 
              з ініцыятывы апазыцыйнай і кіруючай партыяў. Як бы горача мы не 
              спрачаліся ў парлямэнце што да нашых унутрыпольскіх справаў, дык 
              калі гаворка ідзе пра Беларусь, мы разам. Так што я думаю, што ўсё 
              будзе добра».  
            Сябры групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю ўжо пачалі 
              каардынаваць справы, зьвязаныя з выездам польскіх дэпутатаў-назіральнікаў 
              на выбары ў Беларусь, а таксама робяць захады ў справе паскарэньня 
              адкрыцьця беларускага радыё на тэрыторыі Польшчы. 
               
               
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
                     |