Сёньня ў Страсбуры, каля будынку ПАРЭ, дзе абмяркоўвалася
беларускае пытаньне, каля дзесяці беларусаў з Бэльгіі і Францыі
наладзілі пікет, у часе якога ўручылі, сярод іншых, расейскаму палітыку
Уладзіміру Жырыноўскаму кніжку пра зьніклых беларускіх апазыцыянэраў.
Чатырохгадзінны пікет арганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага
задзіночаньня, якія прыехалі з Бэльгіі — ужо на месцы да іх далучыліся
беларусы што жывуць у Страсбуры.
(Лазарчук: ) «Мы падкрэсьліваем сваёй прысутнасьцю, што мы — прызнаныя
палітычныя імігранты, а гэта значыць, што ў Беларусі парушаюцца
правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя мэдыі, перасьледуюць апазыцыю,
ёсьць палітзьняволеныя, не расьсьледаваныя справы зьніклых. У Беларусі
рэжым існуе дзякуючы расейскай падрымцы, а значыць цяперашнія расейскія
ўлады нясуць за ўсё гэта частковую адказнасьць, падтрымліваючы рэжым».
Прысутныя трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду незалежным мас-мэдыям»», «Не — палітычным зьнікненьням і арыштам ў Беларусі!», «Расея, хопіць
падтрымліваць Лукашэнку». Пікет выклікаў зацікаўленасьць журналістаў
і палітыкаў, у тым ліку і з Расеі. Да ўдзельнікаў акцыі, сярод іншых,
падыйшоў расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі.
(Лазарчук: ) «Жырыноўскі вёў сябе цывілізавана, я б сказаў. Ён
адразу сказаў, што ведае, што мы прызнаныя палітычныя імігранты,
але будзе падтрымліваць Лукашэнку. Мы ўручылі яму кніжкі пра зьніклых
на расейскай мове, каб ён перадаў расейскай дэлегацыі, што знаходзіцца
ў Страсбуры».
Радыё Свабода
|