|   26 студзеня ў Страсбуры, каля будынку ПАРЭ (Парлямэнцкай 
              Асамблеі Рады Эўропы), дзе абмяркоўвалася беларускае пытаньне, каля 
              дзесяці беларусаў з Бэльгіі і Францыі наладзілі пікет, у часе якога 
              ўручылі, сярод іншых, расейскаму палітыку Ўладзімеру Жырыноўскаму 
              кніжку пра зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. 
             
              Чатырохгадзінны пікет арганізавалі сябры Беларускага эўрапейскага 
              задзіночаньня, якія прыехалі з Бэльгіі — ужо на месцы да іх далучыліся 
              беларусы што жывуць у Страсбуры.  
            (Лазарчук: ) «Мы падкрэсьліваем сваёй прысутнасьцю, што мы — прызнаныя 
              палітычныя імігранты, а гэта значыць, што ў Беларусі парушаюцца 
              правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя мэдыі, перасьледуюць апазыцыю, 
              ёсьць палітзьняволеныя, не расьсьледаваныя справы зьніклых. Беларусі 
              рэжым існуе дзякуючы расейскай падтрымцы, а значыць цяперашнія расейскія 
              ўлады нясуць за ўсё гэта частковую адказнасьць, падтрымліваючы рэжым». 
             
            Прысутныя трымалі плякаты з надпісамі «Свабоду незалежным мас-мэдыям»», «Не — палітычным зьнікненьням і арыштам ў Беларусі!», «Расея, хопіць 
              падтрымліваць Лукашэнку».  
            Пікет выклікаў зацікаўленасьць журналістаў і палітыкаў, у тым ліку 
              і з Расеі. Да ўдзельнікаў акцыі, сярод іншых, падышоў расейскі палітык 
              Уладзімер Жырыноўскі.  
            (Лазарчук: ) «Жырыноўскі вёў сябе цывілізавана, я б сказаў. Ён 
              адразу сказаў, што ведае, што вы прызнаныя палітычныя імігранты, 
              але я буду падтрымліваць Лукашэнку. Мы ўручылі яму кніжкі пра зьніклых 
              на расейскай мове, каб ён перадаў расейскай дэлегацыі, што знаходзіцца 
              ў Страсбуры».  
               
               
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода  |