|   Сёньня ў вашынгтонскім бюро Радыё Свабода адбыўся 
              брыфінг на тэму «Беларусь напярэдадні надыходзячых выбараў». Пра 
              сытуацыю ў Беларусі амэрыканскім журналістам, палітыкам і навукоўцам 
              распавядалі Сьвятлана Завадзкая — жонка зьніклага журналіста Дзьмітрыя 
              Завадзкага, палітычная актывістка Вольга Стужынская і журналістка 
              агенцтва БелаПАН Марына Рахлей. 
             Сьвятлана Завадзкая нагадала, што дагэтуль не дасьледаваная справа 
              яе мужа, скрадзенага ў ліпені 2000 году. Яна прыгадала загадкавыя 
              забойствы журналістаў Вераніка Чаркасавай і Васіля Гроднікава. Завадзкая 
              распавяла пра сваю ініцыятыву стварэньня беларускага фонду абароны 
              журналістаў. Яна, у прыватнасьці, сказала:  
            (Завадзкая: ) «Сёньня Беларусь знаходзіцца на гістарычным 
              парозе. У сакавіку адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. І гэта — апошні 
              шанец дэмакратычных сілаў Беларусі зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне. 
              Зараз ёсьць адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў.  
            Але галоўная праблема ў Беларусі — гэта праблема альтэрнатыўнай 
              інфармацыі. Мы ня можам данесьці да кожнага грамадзяніна краіны 
              інфармацыю пра адзінага кандыдата: што ён ёсьць, хто ён такі, што 
              ён за чалавек.  
            Я, жывучы ў сваёй краіне, ужо сёньня магу сказаць, што выбары ня 
              будуць дэмакратычнымі і свабоднымі. Ужо цяпер перадвыбарчая кампанія 
              вельмі несправядлівая.  
            Журналісты ў Беларусі, часам выпускаючы чарговы артыкул, проста 
              рызыкуюць сваім жыцьцём. У мяне ўзьнікла ідэя стварэньня фонду дапамогі 
              незалежным журналістам. Журналісты з-за таго, што ім трэба карміць 
              сем'і, не павінны ісьці ў лукашысцкія, дзяржаўныя СМІ.  
            За гады пасьля зьнікненьня майго мужа я прайшла сем колаў пекла 
              і, магчыма, як ніхто іншы, ведаю, што трэба журналістам і іх сем'ям, 
              калі яны патрапляюць у бяду, калі іх абкладаюць велізарнымі штрафамі, 
              калі іх родных выкрадаюць і забіваюць». 
             
              Радыё Свабода  
                     |