Сёння ў Маскве адбудзецца прэс-канферэнцыя, 
                      прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі. З ініцыятывай яе 
                      правядзення выступіла ўплывовая міжнародная арганізацыя 
                      Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк), прадстаўнік 
                      якой Аляксандр Лупіс (Alexander Lupis) з 5 па 9 лютага знаходзіўся 
                      ў Беларусі. Да ўдзелу ў прэс-канферэнцыі запрошаныя таксама 
                      намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 
                      Андрэй Бастунец, намеснік галоўнага рэдактара недзяржаўнай 
                      газеты «Народная воля» Святлана Калінкіна, а таксама кіраўнік 
                      Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі (Расія) Алег Панфілаў. 
                     
                    Як паведамляе прэс-служба БАЖ, прэс-канферэнцыя будзе цалкам 
                      прысвечаная сітуацыі са СМІ ў Беларусі, якая напярэдадні 
                      прэзідэнцкіх выбараў, па меркаванні CPJ, істотна пагоршылася. 
                      Чарговым доказам гэтага, паводле Аляксандра Лупіса, стала 
                      тое, што ўсе дзяржаўныя органы і афіцыйныя структуры Беларусі 
                      адмовіліся сустракацца з ім. У прыватнасці, ён накіроўваў 
                      прапановы наконт сустрэчы ў прэс-службу Адміністрацыі Прэзідэнта, 
                      Міністэрства інфармацыі, Пракуратуру РБ і РУП «Белпошта». 
                      Асабліва ўразіў сп-ра Лупіса адказ з Мінінфармацыі, якое 
                      заявіла, што «ў краіне няма праблем са свабодай прэсы», 
                      а значыць, «няма і нагоды для сустрэчы». «З боку беларускай 
                      улады існуе блакада з дачыненні да грамадства, да незалежнай 
                      прэсы, да любой інфармацыі, якая не ўкладваецца ў межы дзяржаўнай 
                      прапаганды», — лічыць А. Лупіс. Пад час візіту ў Мінск ён 
                      сустрэўся з прадстаўнікамі практычна ўсіх асноўных недзяржаўных 
                      выданняў, якія выходзяць у Беларусі.  
                    Па словах амерыканскага эксперта, CPJ сёння лічыць неабходным 
                      прыцягнуць увагу грамадства на Захадзе да праблемы парушэння 
                      правоў журналістаў і тлумачыць, што тым самым парушаюцца 
                      правы ўсіх беларускіх грамадзян, пазбаўленых магчымасці 
                      атрымліваць аб`ектыўную інфармацыю з незалежных крыніц. 
                     
                    Камітэт абароны журналістаў быў створаны 25 гадоў таму 
                      групай амерыканскіх журналістаў «у адказ на брутальнае стаўленне 
                      ад іх замежных калегаў з боку аўтарытарных урадаў і іншых 
                      ворагаў незалежнай журналістыкі», — гаворыцца на cайце гэтай 
                      арганізацыі.  
                    «Сёння мы лічым Беларусь адной з найгоршых у свеце краін 
                      для журналістаў і хочам падтрымаць незалежную журналістыку 
                      ў вашай краіне», — заяўляе А. Лупіс.  
                       
                       
                      Хартия-97  
                     
                     
                     |