Беларусь — адна з найгоршых краінаў для журналістаў

14.02.2006

Сёньня Камітэт абароны журналістаў, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Нью-Ёрку, апублікаваў даклад «Наступ на прэсу ў 2005 годзе». Асобны разьдзел у Міжнародным аглядзе ўплывовай міжнароднай арганізацыі прысьвечаны Беларусі. Такія агляды Камітэт абароны журналістаў робіць з 1996 году, гэта ўжо дзясятая справаздача гэтай арганізацыі. Тут варта заўважыць, што супрацоўнікі камітэту звычайна ўважліва і пільна вывучаюць сытуацыю на месцах.

На пачатку лютага пяць дзён у Беларусі знаходзіўся старшы каардынатар Камітэту абароны журналістаў Аляксандар Лупіс. Выснова, якую зрабіў спадар Лупіс, такая: «Сёньня мы лічым Беларусь адной з найгоршых у сьвеце краінаў для журналістаў і хочам падтрымаць незалежную журналістыку ў вашай краіне». Камітэт абароны журналістаў вельмі заклапочаны сытуацыяй, што склалася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, гаворыцца і ў штогадовым дакладзе. Занепакоеныя і беларускія праваабаронцы, журналісты.

Гаворыць старшыня зарэгістраванага ў Вільні грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы альянс» Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) «Ёсьць такое меркаваньне: хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам. І тое, што ўлады ўдарылі ў самае сэрца грамадзянскай супольнасьці — у незалежныя СМІ — гэта гаворыць шмат пра што. Улады зрабілі самае выгаднае для іх: вырубілі СМІ, і тое, што адбудзецца пасьля 19 сакавіка, ужо можна прадказаць».

Начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Папоў камэнтаваць даклад Камітэту абароны журналістаў адмовіўся — з прычыны таго, што прадстаўнікі гэтай арганізацыі, знаходзячыся ў Беларусі, не атрымалі акрэдытацыю Міністэрства ўнутраных справаў краіны. Андрэй Папоў заявіў:

(Папоў: ) «Прыватныя асобы шмат чаго кажуць па ўсім сьвеце. Чаму мы павінны гэта камэнтаваць?»

(Карэспандэнтка: ) «Але, тым ня менш, гэта ўплывовая міжнародная арганізацыя».

(Папоў: ) «Я асабіста пра яе ніколі ня чуў. Разглядаем гэта як нейкую прыватную ініцыятыву. Што тут можа казаць Міністэрства замежных справаў?»

Пільная ўвага міжнародных журналісцкіх структураў да праблемаў, зьвязаных зь незалежнымі мэдыямі у Беларусі, цалкам нармальная, лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Наконт таго, што на заявы ўплывовых міжнародных арганізацыяў афіцыйныя беларускія ўлады не рэагуюць, спадарыня Літвіна выказала такое меркаваньне:

(Літвіна: ) «Я ня думаю, што ўсё так бясьсьледна праходзіць. Усё адно рэакцыя ёсьць. Іншая справа, што гэта ня носіць такога публічнага адказу. Самае асноўнае — гэта фармаваньне грамадзкай сьвядомасьці ў адным зададзеным кірунку. Адсюль — канкрэтныя дзеяньні, якія скіраваныя на выкананьне гэтай мэты. А мэта як бы адна: паставіць заслону любой альтэрнатыўнай інфармацыі, якая не залежыць ад дзяржавы, якая не адцэнзураваная».

Камітэт абароны журналістаў быў створаны 25 гадоў таму групай амэрыканскіх журналістаў «у адказ на брутальнае стаўленьне да іх замежных калегаў з боку аўтарытарных урадаў і іншых ворагаў незалежнай журналістыкі», — гаворыцца на cайце гэтай арганізацыі.


Радыё Свабода