14 лютага Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Сяргея
Скрабца да 2,5 гадоў зьняволеньня за выманьваньне крэдыту, але апраўдалі
паводле эпізоду аб падрыхтоўцы да хабарніцтва. Сяргей Скрабец заяўляе
пра палітычна матываваны прысуд, а назіральнікі адзначаюць, што
ён больш мяккі, чым чакалася.
З трох абвінавачваньняў, якія прад’явіла Сяргею Скрабцу пракуратура,
цалкам судзьдзя Віктар Ракіцкі пагадзіўся толькі з адным — аб выманьваньні
крэдытаў.
Былы дэпутат прызнаны вінаватым ў выманьваньні крэдытаў у «Беларусбанку»
праз свае асабістыя сувязі і карыстаючыся пасадай дэпутата парлямэнту.
Ня выключана, што пакараньне магло быць яшчэ больш мяккім, але судзьдзя
улічыў, што Скрабец не прызнаў сябе вінаватым і не кампэнсаваў стратаў,
якія нанёс банку.
У выніку былы дэпутат мусіць адбыць два з паловай гады ў калёніі
агульнага рэжыму.
Таксама судзьдзя Ракіцкі палічыў Скрабца вінаватым ў незаконнай
прадпрымальніцкай дзейнасьці, але з-за даўніны часу гэтага нязначнага
злачынства вызваліў падсуднага ад адказнасьці.
Што да абвінавачваньня, паводле якога былы дэпутат быў арыштаваны
летась ў траўні — гэта падрыхтоўка да дачы хабару — дык у гэтым
эпізодзе суд Скрабца апраўдаў.
Паводле суду, сьледзтва не прадставіла пэўных доказаў віны палітыка:
Сяргей Скрабец сапраўды выказваў заклапочанасьць лёсам знаёмага,
якому пагражала крымінальная адказнасьць, але ад дачы хабару ён
сам адмовіўся, вырашыў судзьдзя Віктар Ракіцкі.
Брат Сяргея Скрабца, былы прадпрымальнік Аляксандр Скрабец прызнаны
вінаватым ў прадстаўленьні непраўдзівых зьвестак, што нанесла вялікую
шкоду, і асуджаны на два гады ўмоўнага зьняволеньня з адтэрміноўкай
на год. Пасьля суду Аляксандр Скрабец не хаваў свайго задавальненьня
прысудам, ў тым ліку і прысудам брату.
(Аляксандр Скрабец: ) «Чакалі горшага. Пракурор запрасіў для Сяргея
5 з паловай, далі 2 з паловай, мне замест хіміі далі з адтэрміноўкай.
Суд вельмі цярпіма паставіўся».
Сяргей Скрабец, аднак, прысудам ня быў задаволены. З жалезнай клеткі,
у якой яго трымалі цягам працэсу, былы дэпутат выкрыкнуў пра палітычны
перасьлед з боку ўладаў.
Пракамэнтаваць прысуд яму не дазволілі.
Браты Скрабцы мусяць кампэнсаваць «Беларусбанку» болей за 500 тысяч
даляраў стратаў, нанесеных праз два крэдыты, якія гэтак і не былі
вернутыя. Між тым Сяргей Скрабец настойвае на тым, што фірмам «Белбабаеўскае»
і«Белтрэйдэкспа», якія скарысталіся крэдытамі, не далі працаваць
сьледчыя органы.
На агалошваньне прысуду зьявіўся былы супрацоўнік 510-га філіялу
«Беларусбанку» Генадзь Асіпчык. Ён таксама мяркуе, што да невяртаньня
крэдытаў спрычыніліся сьледчыя з дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
(Асіпчык: ) «Грошы б вярнулі, але як гэта зрабіць, калі арыштавалі
рахункі, калі адабралі пячатку. У такіх умовах немагчыма нармальна
працаваць і выконваць свае абавязацельствы».
***
Сяргей Скрабец — ня першы з былых дэпутатаў, якія аказаліся за
кратамі. Раней былі асуджаныя дэпутаты Уладзімер Кудзінаў, Мікалай
Скутаў, двойчы — Андрэй Клімаў. Іх лёс склаўся па-рознаму. Андрэй
Клімаў пасьля адбыцьця першага тэрміну працягваў займацца палітычнай
дзейнасьцю і атрымаў хімію за арганізацыю недазволенага мітынгу.
Пакараньне ён адбывае ў Крупках. Уладзімер Кудзінаў зьехаў ў ва
Ўкраіну, дзе займаецца бізнэсам. Былы дэпутат Мікалай Скутаў адбывае
пакараньне ў калёніі за шэраг эканамічных злачынстваў. Пацярпелым
за апазыцыйную дзейнасьць ён сябе ніколі не называў.
Радыё Свабода |