У Польшчы прайшла акцыя салідарнасьці з арыштаваным «зубром»
15 февраля 2006

У Варшаве, каля амбасады Беларусі адбылася акцыя салідарнасьці з затрыманымі актывістамі моладзевага руху «Зубр» і арыштаванага на 15 сутак Яўгена Афнагеля.

Нягледзячы на моцны сьнегапад, да амбасады Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек зь бел-чыровна-белымі беларускімі і бела-чырвонымі польскімі сьцягамі. Прысутныя трымалі ў руках зьнічы і здымкі Яўгена Афнагеля, якому беларускія ўлады прысудзілі 15 сутак арышту.

Гаворыць Яцэк Кастэлянец з ініцыятывы «Свабодная Беларусь»:

(Кастэлянец: ) «Сёньняшні пікет — гэта пратэст супраць затрыманьня ў Менску актывістаў руху «Зубр». Дайшло да таго, што ў Беларусі затрымліваюць і караюць ужо не за ўдзел у нейкай акцыі, а нават за падрыхтоўку да яе. Мы станоўча пратэстуем супраць такога стаўленьня ўладаў да людзей!»

Удзельнікі акцыі, а сярод іх быў і былы мэр Варшавы Марцін Сьвеньціцкі, скандавалі «Свабоду Беларусі!», «Беларусь — так! Лукашэнка — не!», «Мы салідарныя зь Беларусьсю!»

(Цялежнікаў: ) «Гэта з аднаго боку пратэст, а з другога — падтрымка Яўгену Афнагелю, які сядзіць цяпер на Акрэсьціна. Нельга мірыцца з тым, што ў Беларусі парушаюцца ўжо самыя падставовыя правы чалавека — нельга стаяць на вуліцы ў цэнтры, гэта ж абсурд!», — сказаў Антось Цялежнікаў, старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

На дрэвах каля будынку беларускай амбасады былі прылепленыя здымкі Яўгена Афнагеля разам з джынсавымі стужкамі.

У часе акцыі ў амбасаду ўвайшлі некалькі чалавек, запалілася сьвятло ў адным з вокнаў. Удзельнікі пікету, аднак, вырашылі не перадаваць у пасольства ніякага звароту ці ліста, бо, паводле іхных словаў, «гэта папросту ня мае сэнсу».


Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода