|   Ад сёньняшняга дня пачалася грамадзкая кампанія 
              пратэсту супраць рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці кандыдата 
              ў прэзыдэнты. Ініцыятары кампаніі лічаць сёньняшнюю рэгістрацыю 
              Лукашэнкі незаконнай. 
             Гаворыць вядомы праваабаронца Гары Паганяйла:  
            (Паганяйла: ) «Я сёньня зьвярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд Рэспублікі 
              Беларусь на рашэньне Цэнтрвыбаркаму ад 17 лютага гэтага году аб 
              прызнаньні гэтага рашэньня незаконным. Сутнасьць у тым, што Лукашэнка 
              ня мае права балятавацца на трэці тэрмін прэзыдэнтам».  
            У скарзе гаворыцца, што рэфэрэндум, які адбыўся ў 2004 годзе і 
              які скасаваў абмежаваньне прэзыдэнцтва Лукашэнкі двума тэрмінамі, 
              быў праведзены з грубымі парушэньнямі заканадаўства і супярэчыць 
              Канстытуцыі. У дакумэнце таксама зазначана, што Лукашэнка скарыстаў 
              высокую пасаду прэзыдэнта ў сваіх асабістых мэтах, парушыў прэзыдэнцкую 
              прысягу, у якой абяцаў «захоўваць і абараняць Канстытуцыю». А паколькі 
              сёньняшняя рэгістрацыя Лукашэнкі ў якасьці кандыдата адбывалася 
              на падставе вынікаў згаданага рэфэрэндуму, то такое рашэньне Цэнтрвыбаркаму, 
              як лічыць спадар Паганяйла, зьяўляецца незаконным:  
            (Паганяйла: ) «Мы ставім пытаньне пра тое, што Цэнтральная камісія 
              зарэгістравала ў якасьці кандыдата асобу, якая ня мае права балятавацца 
              ў прэзыдэнты. Пра гэты сёньня выразна сказалі практычна абодва прэтэндэнты 
              на пост прэзыдэнта — і Казулін, і Мілінкевіч».  
            Мяркуецца, што ініцыятыва пратэсту супраць рэгістрацыі Лукашэнкі 
              будзе падтрымана шырокай грамадзкасьцю. Гэтаксама лічыць і праваабаронца 
              Ігар Леднік:  
            (Леднік: ) «Я лічу, што кожны грамадзянін, які бачыць, што парушаюцца 
              яго правы як выбаршчыка, мае магчымасьць у трохдзённы тэрмін накіраваць 
              гэтую скаргу». 
              
            Радыё Свабода  |