Дзень салідарнасьці зь Беларусьсю ў Кіеве

17.02.2006

Актывісты ўкраінскіх грамадзкіх арганізацый, беларускія палітычныя эмігранты ды неабыякавыя да Беларусі кіеўляне 16 лютага правялі акцыю каля пасольства Рэспублікі Беларусь. Такім чынам удзельнікі акцыі намагаліся прыцягнуць увагу ўкраінскай грамадзкасьці да праблем сучаснае Беларусі ды выказаць сымбалічную падтрымку тым, хто змагаецца за свабоду і права чалавека ў Беларусі.

Акцыі 16 чысла праводзяцца пачынаючы з кастрычніка 2005 году. У гэты дзень сотні тысяч грамадзян Беларусі вымыкаюць сьвятло ў сваіх кватэрах і запальваюць сьвечкі у вокнах. Чысло 16 было выбранае на памяць пра выкраданьне апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара ды грамадзянскага дзеяча, бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Вынікі расьсьледваньняў няўрадавых арганізацый і ўстаноў ЭЗ паказваюць, што да гэтага і іншых зьнікненьяў спрычыніліся беларускія высокапастаўленыя асобы, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Акцыі салідарнасьці зь беларускімі змагарамі праходзяць у дзесятках краін Эўропы, Амэрыкі ды Азіі. На Ўкраіне гэтая акцыя праводзіцца пяты раз. Акцыя 16 лютага прайшла пад лёзунгамі «Жыве Беларусь!» і «Свабоду не спыніць!». Удзельнікі акцыі выразілі патрабаваньне вызваліць беларускіх палітвязьняў, сярод якіх называліся імёны былога міністра і абсадара Міхаіла Марыніча, лідара Еўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча, былога дэпутата Сяргея Скрабца, лідара прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскага, дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава і нядаўна арыштаванага ў Менску каардынатара супраціву «Зубр» Яўгена Афнагеля.

Актывісты завесілі тэрыторыю вакол пасольства бел-чырвона-белымі і джынсовымі (сымбаль свабоды ў Беларусі) стужкамі.

Акцыю падтрымалі:
— Ініцыятыва «Салідарнасьць!» belarus.org.ua
— Альянс «Майдан» maidan.org.ua
— Грамадзянская сець «Опора» opora.org.ua
— ВМГА «Нацыянальны альянс» nation.org.ua
— Украінская хельсінская арганізацыя правоў чалавека helsinki.org.ua
—«Міжнародная Амністыя — Украіна» (Кіеўская філія)
— Моладзевае крыло «Саюзу Гетманцаў-Дзяржаўнікаў»
— госьці зь беларускай суполкі «Трэці шлях»

Акрамя Кіева, у некалькіх гарадох Украіны акцыю салідарнасьці арганізавала Грамадзянская сець «Опора».