16 лютага ў Вільні каля Дому сігнатараў адбылася
ўжо чацвертая Акцыя беларуска-літоўскай салідарнасці. Акцыя салідарнасці
з Беларуссю ў гэты раз супала з Днём аднаўлення літоўскай дзяржавы
(1918). Змагары за дэмакратычную Беларусь святкавалі разам з незалежнай
Літвой, а Літва выражала салідарнасць з беларусамі.
Ва ўрачыстым святкаванні Дня незалежнасці ўдзел разам з сотнямі
звычайных літоўскіх грамадзянаў узялі актывісты віленскага Аб’яднанага
цэнтру беларускіх ініцыятыў. Арганізацыя, што ня першы год працуе
на карысць вольнай Беларусі і шчыльнейшых літоўска-беларускіх сувязяў,
у гэты раз віншавала літоўскіх патрыётаў і імкнулася ў чарговы раз
звярнуць увагу на становішча Беларусі.
Удзельнікі імпрэзы не засталіся абыякавыя да Беларусі нават і падчас
свайго дзяржаўнага свята. Спікер Сойму Літвы ў сваёй прамове павітаў
беларускіх удзельнікаў акцыі і пажадаў поспеху.
Наступны прамоўца еўрапарламентар і старшыня Аднаўленчага Сойму
1990-1992 гг. Вітаўтас Ландсбергіс пажадаў вольнасці людзям суседняй
і шчыльна звязанай з літоўскай гісторыяй Беларусі: «Мы стагоддзямі
жылі ў адной дзяржаве, нас неадрыўна злучае Нёман. У нас мноства
падабенстваў у народных спевах і людскім характары. Беларусы маюць
волю да свободы, яны не баяцца — тыя, хто патрабуюць вольнасці,
дэмакратыі, справядлівасці, чэсных выбараў», — сказаў В.Ландсбергіс
і па-беларуску дадаў: «Няхай жыве свабодная Беларусь!»
Братоў-беларусаў апладысментамі салідарна павіталі ўсе ўдзельнікі
акцыі. Людзі падыходзілі да беларусаў, паціскалі рукі, зычылі цярплівасці
і ўдачы.
Акцыя беларуска-літоўскай салідарнасці ў Вільні адбываюцца з 16
лістапада. Штомесяц ладзяцца шэсці, прагляды фільмаў пра Беларусь,
пікеты перад амбасадай, запальваюцца свечкі вольнасці і салідарнасці.
Хартия-97
|