Больш за дваццаць удзельнікаў апазыцыйнай акцыі
на знак салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў затрымалі
спэцназаўцы. Сярод затрыманых ёсьць непаўнагадовыя. У часе разгону
акцыі міліцыянты штурхалі людзей на лёд і потым выціскалі іх з Кастрычніцкай
плошчы ў бок Нямігі. Групу моладзі, што стаяла насупраць будынку
КДБ затрымалі празь некалькі хвілінаў ад пачатку акцыі.
У акцыі Салідарнасьці ўдзельнічала каля трох сотняў чалавек. Большасьць
удзельнікаў акцыі — сябры моладзевых арганізацый. Яны трымалі ў
руках сьвечкі і джынсавыя стужкі. Менавіта гэты колер моладзь абрала
сымбалем пераменаў. Некаторыя прыехалі з рэгіёнаў. Гаворыць Аляксандар
з Салігорску:
(Аляксандар: ) «Выказаць салідарнасьць зь сем'ямі зьніклых людзей
і палітвязьняў, з усімі, хто пацярпеў ад рэжыму, хто змагаецца за
свабоду Беларусі».
Былі і людзі сталага ўзросту:
(Тацьцяна:) «Прыйшлі выказаць падтрымку і салідарнасьць тым, якім
цяпер горш, чым іншым. Салідарныя з тымі, хто ў турме, з тымі, хто
згубіў сваіх блізкіх… Супраць гэтага рэжыму. Вядома ж, мы хочам
пераменаў. Пераменаў! Мы хочам іншага прэзыдэнта.»
Напачатку акцыі спэцназаўцы затрымалі 16 чалавек, якія стаялі насупраць
будынку КДБ. Потым пачалі так званую зачыстку на Кастрычніцкай плошчы.
Спэцназаўцы ў цывільным пачалі выціскаць людзей лядовы каток. Іх
штурхалі да царквы, што на плошчы Свабоды. Некалькі чалавек ў часе
разгону затрымалі і кінулі ў аўтамабіль. Сярод іх — актывіст Маладога
Фронту Барыс Гарэцкі.
Каля дваццаці чалавек трымалі ў аддзеле міліцыі на вуліцы Карла
Маркса. Калі туды падышлі іх сябры, то міліцыянты пачалі іх выціскаць
з вуліцы ў бок праспэкта Скарыны. Калі з двара міліцыі выехаў аўтобус
з затрыманымі, некалькі чалавек намагаліся яго не пусьціць, стаўшы
на дарозе, але іх таксама выштурхалі з вуліцы. Людзі скандавалі:
«Ганьба!» Аўтобус з затрыманымі праводзілі воплескамі.
У Жодзіне актывістаў моладзевых рухаў міліцыянты папярэдзілі, каб
яны ня ехалі ў Менск. Ім прапанавалі наведаць аддзел міліцыі, каб
там паразмаўляць зь імі. Моладзь праігнаравала запрашэньне
Радыё Свабода
|