Моладзевыя актывісты кажуць пра ціск і рэпрэсіі

20.02.2006

Напярэдадні афіцыйнага пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі адбыліся шматлікія затрыманьні палітычных актывістаў, ператрусы ды ізаляцыя палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне ў спэцкамэндатурах. Сябры моладзевых рухаў паведамляюць, што адчуваюць моцны ціск з боку ўладаў. Іх выклікаюць на размовы ў міліцыю паасобку і разам з бацькамі, пагражаюць выключэньнем з вучобы і звальненьнямі з працы.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца пяцёра прадстаўнікоў моладзевых незарэгістраваных арганізацый. Актывісты «Маладога фронту» Павал Фігурын, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі адбываюць 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі Салідарнасьці 16 лютага. Алег Мяцеліца і Яўген Афнагель з руху «Зубр» па 15 сутак, але апошняга затрымалі за тры дні да акцыі. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Гэты артыкул Адміністрацыйнага кодэксу ўжывалі супраць «маладафронтаўцаў» напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер сытуацыя паўтарылася. Адзін з актывістаў «Маладога фронту» выказаў агульную думку:

(Віктар:) «Улады хочуць паказаць, што гэта стада баранаў, адмарозкаў, п’яніц, наркаманаў, што ўсе ўдзельнікі гэтых акцый «абколатыя» хуліганы, якім заплацілі грошы заходнія спэцслужбы.»

15 лютага Міколу Статкевіча з хатняга рэжыму перавялі ў спэцінтэрнат. Гэта адбылося пасьля паседжаньня каардынацыйнага камітэту «Эўрапейскай кааліцыі», на якім была прынята рэзалюцыя з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць моладзі, а таксама зварот да лідэраў апазыцыйных партый з патрабаваньнем узяць на сябе адказнасьць і прызначыць месца, дзе людзі будуць чакаць вынікаў галасаваньня 19 сакавіка. Перавод адбыўся за дзень да гадавіны вясельля Валянціны і Мікалая Статкевічаў.

(Валянціна:) «Гэта было поўнай для нас нечаканасьцю, бо ў шлюбе мы з Міколам 28 гадоў. Нават не ўдалося разам адзначыць… Пачалі зь ім спрачацца 27 ці 28 гадоў. Адзін год улады ў нас забралі. Мы можам толькі сустракацца зрэдку ў выходныя.»

Мікола Статкевіч паведаміў «Свабодзе», што з набліжэньнем даты выбараў ён не выключае для сябе такой меры як поўная ізаляцыя.

16 лютага Андрэя Клімава з Крупак перавезьлі ў вёску Баршчоўка Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Вось яго меркаваньне:

(Клімаў:) «Я лічу, што ў дадзеным выпадку размова ідзе пра істэрыку ў ворганах унутраных справаў, а дакладней ва ўпраўленьні выкананьня пакараньняў. Ім даведзена строга сачыць, але не дадзена прэфэрэнцыяў пасадзіць у турму, бо гэта не ўкладаецца ў парадыгму дэмакратычных выбараў у двукосьсі.»

Актывісты Маладога Фронту Артур Фінькевіч і Зьміцер Касьпяровіч знаходзяцца за кратамі сьледчага ізалятара. Абодвух абвінавацілі ў злосным хуліганстве — Артура за надпіс на плоце: «Мы хочам новага», а Зьмітра за тое, што намагаўся на даху Менгарвыканкаму замяніць дзяржаўны сьцяг на бел-чырвона-белы.

Крымінальную справу супраць Касьпяровіча перадалі ў суд Маскоўскага раёну. Паседжаньне пачнецца 28 лютага. Маці Зьмітра вельмі непакоіцца за стан здароўя свайго сына. Зьміцер хварэе.Яна спадзяецца, што, калі сына пакараюць абмежаваньнем волі, так званай «хіміяй», то ён нейкі час зможа палячыцца дома. Маці Яўгена Афнагеля таксама перадала лекі свайму сыну ў спэцпрыёмнік. У Яўгена абвастрэньне радыкуліту.

Некалькі сяброў моладзевых рухаў знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд. Павал Красоўскі, лідэр жодзінскай філіі Маладога Фронту і кіраўнік штаба Мілінкевіча, абвінавачваецца ў абразе службовай асобы. Сябры «Зубру» з Барысава Аляксандр Казакоў і Зьміцер Зубро, а таксама маладафронтавец Аляксей Янушэўскі за графіці палітычнага зьместу.

У Жодзіне, Барысаве, Ваўкавыску і Салігорску амаль штодня выклікаюць актывістаў моладзевых арганізацый на размову, пагражаюць іх бацькам звальненьнямі з працы. На кватэрах адбываюцца ператрусы. Але актывісты рухаў выказваюцца, што ставяцца да гэтага спакойна, бо ўпэўненыя, што ўсе факты сьведчаць пра набліжэньне пераменаў у грамадзтве.


Радыё Свабода