|    З кожным разам геаграфія акцыяў у падтрымку дэмакратычных 
              сілаў Беларусі ў Польшчы і ва ўсёй Эўропе пашыраецца. Сёньня дэманстрацыі, 
              пікеты, мітынгі і канцэрты адбыліся прынамсі ў дзесяці польскіх 
              гарадах. У Варшаве некалькі сотняў пераважна студэнтаў-палякаў, 
              беларусаў, украінцаў сабраліся ў самым цэнтры, на замкавым пляцы 
              і потым зь дзесяткамі бел-чырвоных сьцягоў і транспарантаў, скандуючы 
              «Свабодныя выбары, свабодная Беларусь!», «Беларусь так, Лукашэнка 
              — не!», «Жыве Беларусь», прайшлі па цэнтральных вуліцах сталіцы, 
              прымацаваўшы напрыканцы акцыі на адным з будынкаў вялізны, даўжынёй 
              прынамсі 4 мэтры, бел-чырвона-белы сьцяг, які будзе вісець там да 
              выбараў.  
            (Кастэлянец: ) «Мы лічым, што такія акцыі маюць вялікае значэньне. 
              Палякі ўсё больш цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Хутка 
              выбары і гэтыя выбары наўрад ці будуць справядлівымі. Мы ня можам 
              застацца абыякавымі і робім усё, што можам».  
            Увечары ўдзельнікі дэманстрацыі мелі магчымасьць паслухаць канцэрт 
              вядомага беларускага гурту «Нэйра-дзюбель»", які выступіў у 
              Варшаве зь вядомымі польскімі музыкамі.  
            Падобныя акцыі — пікеты, канцэрты, дэманстрацыі і мітынгі — адбыліся 
              ў Кракаве, Познані, Лодзі ды іншых польскіх гарадах. Пікеты адбыліся 
              ў Бэльгіі, Швэцыі, Чэхіі, Літве ды іншых кранах. Са Стакгольму гаворыць 
              Алесь Ліцьвінчык:  
            (Ліцьвінчык: ) «Да нас далучыліся швэдзкія сябры зь Лібэральнай 
              партыі. Прамаўлялі палітыкі, а таксама прысутныя беларусы. Гэта 
              ўжо трэці раз акцыя ладзіцца ў Стакгольме».  
            Арганізатары акцыяў у Эўропе кажуць, што ўжо цяпер пачынаюць падрыхтоўку 
              да дэманстрацыяў празь месяц — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 
              эўрапейскія акцыі салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі 
              павінны быць найбольш моцнымі. 
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода  
                     |