Ці выпусьцяць сына Веранікі Чаркасавай пад падпіску пра нявыезд?
21 февраля 2006

Намесьнік генэральнага пракурора Віктар Прус у інтэрвію газэце «Рэспубліка» абвінаваціў сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай Антона Філімонава ў цяжкім злачынстве, а журналістаў і сваякоў хлопца ў аказаньні ціску на сьледзтва. Бабуля і дзед Антона абураныя — яны заявілі, што будуць намагацца, каб іх унуку далі магчымасьць хадзіць у школу. Нарэшце, і сьледзтва вырашыла паспрыяць зьмене меры стрыманьня.

Справу Антона Філімонава перадалі зь міліцыі Першамайскага раёну ў сьледчы камітэт Менску. Бабуля Антона, Дыяна Чаркасава, заявіла «Свабодзе», што падала заяву на імя генэральнага пракурора, каб яе ўнука адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

Нагадаем, што Антона Філімонава затрымалі ўвечары 27 сьнежня. Яго абвінавацілі ў вырабе і распаўсюдзе падробленых грашовых знакаў. У Антона знайшлі дзьве фальшывыя купюры вартасьцю 10 000 рублёў і тры купюры — па 5 000. Разам зь ім затрымалі яго сяброў. Чацьвёра фігурантаў у справе непаўнагадовыя, адзін — дарослы. Яны патлумачылі, што вырабілі копіі банкнот дзеля гульні, бо паспрачаліся, у каго лепшы кампутар. Ніякага ўрону эканоміцы яны не зрабілі. Толькі аднаго Антона Філімонава ў крымінальнай справе трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары.

За Антона заступіліся калегі яго забітай маці Веранікі Чаркасавай і аднаклясьнікі. Яны прасілі зьмяніць меру стрыманьня, каб хлопчык мог наведваць школу. Намесьнік генэральнага пракурора Віктар Прус у сваім інтэрвію газэце «Рэспубліка» назваў гэта ціскам на сьледзтва. Ён запэўніваў, што Антон пад вартай, бо абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Дыяна Чаркасава мае пісьмовы адказ з пракуратуры, у якім сьцьвярджаецца, што Антона насамрэч дапытвалі ў справе забойства яго маці.

(Дыяна Чаркасава: ) «Ён прапусьціў цэлую чвэрць сёлета і амаль ўвесь мінулы навучальны год. У Антона слабае здароўе. Ніякіх сьледчых дзеяньняў паводле гэтай справы з 30 сьнежня да 13 лютага не праводзілася. Да яго прыходзілі самыя розныя людзі і патрабавалі, каб ён напісаў яўку з павіннай і прызнаўся ў тым, што гэта ён забіў сваю маці. Год і колькі месяцаў мы змагаемся за здароўе, за жыцьцё, за свабоду свайго ўнука. Чамусьці некаму патрэбна «павесіць» менавіта на яго гэтае злачынства. У хаду ідуць зусім недазволеныя прыёмы».

У сьледчым камітэце «Свабодзе» паведамілі, што будуць зьвяртацца да пракурора, каб той зьмяніў меру стрыманьня пад падпіску пра нявыезд. Паводле сьледчага, няма неабходнасьці трымаць хлопца пад вартай, якому трэба хадзіць у школу.


Радыё Свабода