|   Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус у кватэры лідэра 
              незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Міколы Астрэйкі. Апэратыўнікі 
              КДБ забралі кампутары, нататнікі й іншыя носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікі 
              КДБ патлумачылі, што распачата крымінальная справа за паклёп на 
              Аляксандра Лукашэнку. Паводле іх, Мікола Астрэйка падазраваны ў 
              гэтай справе.  
            Сваякам Міколы апэратыўнікі паведамілі, што яго павезьлі на допыт 
              у КДБ. Пры гэтым аддзел інфармацыі не дае ніякай інфармацыі наконт 
              затрыманых іхным сваякам і журналістам. 
            21 лютага супрацоўнікі ўпраўленьня Камітэту дзяржбясьпекі па Магілёўскай 
              вобласьці правялі ператрус i ў кватэры жыхаркі Магілёва, актывісткі 
              незарэгістраванага аб’яднаньня «Партнэрства» Аксаны Закрэўскай і 
              сканфіскавалі ейную аргтэхніку. 
             Супрацоўнікі КДБ заявілі, што ператрус праводзіцца паводле крымінальнай 
              справы — абвінавачаньне ў паклёпе на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 
              Аднак яны не патлумачылі, хто праходзіць па гэтай справе і якое 
              дачыненьне да паклёпу мае спадарыня Закрэўская. Абсталяваньне сканфіскавалі, 
              бо падазраюць, што яна мае дачыненьне да публікацыяў, у якіх зьневажаецца 
              прэзыдэнт.  
            Аксана Закрэўская паведаміла карэспандэнту Радыё Свабода, што «Партнэрства» 
              зьліквідаванае, а сканфіскаваныя кампутары належаць асабіста ёй. 
             
            Сёньня ж у Быхаве абшукалі кватэру бацькоў Аляксея Купрэева, яшчэ 
              аднаго актывіста ліквідаванага аб’яднаньня «Партнэрства». Ва ўпраўленьні 
              КДБ адмовіліся камэнтаваць сытуацыю і заявілі, што з часам журналістам 
              усё стане вядома.  
             
              Радыё Свабода  
                     |