|   Як наагул яны ацэньваюць фармулёўку артыкулу 193 
              Крымінальнага кодэксу, згодна зь якой затрымалі Міколу Астрэйку, 
              Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку? 
             Дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека, кіраўнік праграмы 
              «Перасьлед з палітычных матываў у краінах СНД» Валянцін Гефтэр выказаў 
              наступнае меркаваньне:  
            (Гефтэр: ) «Мне незразумела, навошта трэба аддзяляць арганізацыі, 
              якія прайшлі рэгістрацыю, і якія не прайшлі рэгістрацыю. Ёсьць яшчэ 
              там так званая «гумавая частка» — іншыя дзеяньні, замах на правы 
              і свабоды. Гэта, безумоўна, неправавая формула, пад якую можна падставіць 
              усё што заўгодна. Гэтая формула ва ўмовах беларускага рэжыму можа 
              выкарыстацца супраць любога няўгоднага».  
            Гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы альянс», 
              зарэгістраванага ў Вільні, Людміла Гразнова:  
            (Гразнова: ) «Перш-наперш, гэта страх рэжыму за сваю будучыню, 
              улады ня ўпэненыя, што яны змогуць захавацца ля стырна ўлады на 
              доўгі час, і таму яны ўсё робяць, каб запалохаць актывістаў апазыцыі, 
              перш за ўсё моладзевых лідэраў. Яны ў нас ёсьць, гэтыя героі, яны 
              сядзяць цяпер у пастарунках, у сьледчым ізалятары КДБ. І трэба ведаць 
              іх імёны, бо толькі тады, калі людзі будуць ім спачуваць, мы нешта 
              зможам зрабіць».  
            Меркаваньне намесьніка старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня 
              «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Гары Паганяйлы:  
            (Паганяйла: ) «У прававой дзяржаве падобныя крымінальныя дэлікты 
              наагул не павінны мець месца ў Крымінальным кодэксе. Гэта не злачынныя 
              дзеяньні: выказваньне свайго стаўленьня, крытыкі. Гэта нармальная 
              апазыцыйная дзейнасьць. Сёньня гаворка ідзе выключна пра падаўленьне 
              іншадумства любымі спосабамі і дзеяньнямі. Усё забараняецца. Выбарчая 
              кампанія праходзіць ва ўмовах нагнятаньня страху». 
              
             Радыё Свабода  
                     |