|    У Менску адбылося ўручэньне штогадовай прэміі 
              імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам». Сёлета яе ляўрэатам стаў 
              вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. Нагадаем, прэмія заснавана 
              нефармальным рухам «Абаронцы Айчыны». Уручыў яе Алег Волчак — лідэр 
              руху, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. 
              Першым ляўрэтам гэтай прэміі ў мінулым годзе стаў генэрал Валеры 
              Фралоў. 
             Падчас імпрэзы прэзэнтавалася таксама кніга «Хроніка дзяржаўнай 
              подласьці», у якой сабраны матэрыялы грамадзкай камісіі ў справе 
              расьсьледаваньня абставінаў зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў 
              Беларусі Юрыя Захаранкі.  
            Да цырымоніі ўручэньня прэміі праявіла цікавасьць група невядомых 
              у штацкім разам з прадстаўніком Ленінскага райаддзела міліцыі. Невядомыя 
              спрабавалі весьці відэаздымкі мерапрыемства, якое праходзіла ў адной 
              зь менскіх кавярняў. Алег Волчак паведаміў, што гэта ўжо ня першы 
              выпадак такога сачэньня з боку невядомых. 
             
             
              Радыё Свабода  
                     |