Прывіды лініі Cталіна
22 февраля 2006

Масты спалены. Адступаць няма куды. Галоўнакамандуючы кінуў на поле бітвы стратэгiчныя рэзервы — расійскую папсу. З лямантам «За Батьку!» героі чосу прыкрылі самы небяспечны напрамак — заходнюю мяжу. У дадатак да безлічы карных фармаванняў тэрмінова ствараецца яшчэ адно: па барацьбе з праклятым тэрарызмам. І ўвогуле, каб не было ніякіх крыватолкаў, натхніцель і арганізатар усіх нашых перамог рашуча заявіў, што сваю ўладу будзе бараніць са зброяй у руках.

І было яшчэ адно шчыраванне, якое нават перакладаць няварта, бо крыўдна страціць хаця б драбніцу ўнікальнага стылю: «Я борюсь против этих стихий для того, чтобы сохранить наших людей и продемонстрировать, что нормальный у вас президент, не надо вам другой президент. Это честно».

Ды хто ж пасмее ўсумніцца! Тут увогуле ўзнікае думка, што можа і выбары «не надо вам». Якая карысць ад тых выбараў? А можа, наважыцца ды і правесці замест іх усенародную селектарную нараду. І чэсна, без розных там выбрыкаў, спытаць: хто супраць?

І ўсеагульнае маўчанне лічыць усенародным адабрэннем палітыкі існуючага кіраўніцтва і таварыша правадыра асабіста.

Яно сабе так. Месцілася б Сінявокая на якой-небудзь выспе, як братняя Куба, або хаця б на паўвыспе, як не менш братняя кімчэніраўская Карэя, - якія праблемы! Але ж не пашчасціла — цэнтр Еўропы. Куды ні зірні — звярыны выскал дэмакратыі. І насуперак здароваму сэнсу даводзіцца зноў распачынаць прыкрую цяганіну выбараў. Ды яшчэ каго — прэзідэнта!

Да таго ж, хоць і невыязны ўжо не першы год, а недзе тоіцца нязгасная надзея, што можа з дапамогай добразычлівых зорак і таварыша Ярмошынай удасца правесці гэтыя выбары без непазбежнага скандалу. І Еўропа, няхай сабе з агаворкамі, усё ж прызнае іх легітымнасць. І зноў прамільгнуць чырвона-зялёныя штаны па альпийскіх горналыжных трасах, і прыціхнуць розныя там Рады Еўропы, слухаючы палымяныя прамовы.

Дзесяць гадоў. Два прадугледжаныя канстытуцыяй тэрміны прэзідэнцкай улады. Ды яшчэ два гады, здабытыя усім вядома якім чынам. Дванаццаць гадоў! Няўжо мала?..

Надзелены фантастычнымі паўнамоцтвамі, якія, па ягоных жа словах, нават цару не сніліся, ППРБ сапраўды меў усе магчымасці, каб зрабіць нешта добрае для краіны. Але ён, выхаванец сумнавядомага Трашчанка, захапіўся бязглуздай ідэяй — далучыўшыся да Расіі, аднавіць Савецкі Саюз. І на белым кані рэваншу прарвацца ў Крэмль. Ніякіх жа, здавалася, перашкодаў. Бадзёрыя вайсковыя адстаўнікі гойсалі па вуліцах Мінску з партрэтамі аднолькавага фармату — на адным ён, на другім таварыш Сталін. Зірніце, дарагія таварышы, — тыя ж вусы! Вось ён, нашчадак. А Ельцын, хто ён?.. «Мне сорак, а яму — восемдзесят!»

Ужо і адпаведныя пагадненні падпісаны. Засталіся толькі пэўныя там фармальнасці. Ужо і крыштальны келіх разляцеўся пырскамі, грымнуўшы аб крамлёўскі паркет. Ды раптам найшла каса на камень. І суперідэя пачыла няўмольна сыходзіць у пясок.

Потым хадзілі чуткі — гэта Чубайс патлумачыў Ельцыну, чым можа скончыцца недарэчны альянс. Так усё проста!

Спыніў паглынанне краіны ўсходнім суседам беларускі народ, які выйшаў на плошчы і, не спалохаўшыся азвярэлых грамілаў, мужна і годна адстаяў незалежнасць. Тыя масавыя шэсці і мітынгі, тое зацятае змаганне шмат каго пераканалі, што беларусы сваю краіну ніколі нікому не аддадуць. І для Расіі захапіць Беларусь — тое ж самае, што праглынуць гранату з вырванай чакой.

Пацярпеўшы паразу ў вулічным супрацьстаянні, рэжым распачаў доўгатэрміновую аблогу беларускага грамадства. Не шкадуючы сілы і сродкаў, трэба было задавіць, расцярушыць, знішчыць народны супраціў. Пасеяць страх, адчай, безнадзейнасць. Усё тое, што было ў савецкія часы, у гады сталіншчыны, пачало імкліва вяртацца ў жыццё.

Напрыканцы стагоддзя, калі ва Ўсходняй Еўропе ўжо шмат хто вызваліўся ад недарэчных, нялюдскіх рэжымаў, нашу краіну зноў наведалі прывіды лініі Сталіна. Той самай, што праходзіць не па межах даўніх супрацьстаянняў, а ў свядомасці людзей, атручаных дзікунскімі ідэями цемрашалаў і катаў. І ў Беларусі зноў пачалі старанна адбудоўваць учорашні дзень — з ягонымі засценкамі для нязгодных, з даносамі і падазронасцю, з неадольнай няўпэўненасцю і лагерным страхам.

Грамадству заткнулі рот. Знішчана незалежная прэса. Беларуская мова амаль выцеснена з ужытку. Падумаць толькі, у краіне Беларусь няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе выкладанне вядзецца на беларускай мове. Адзіны сапраўды беларускі ліцэй быў выкінуты міліцыянтамі пад плот. І ліцэісты вымушаны былі, нібы ў часы гітлераўскай акупацыі, працягваць навучанне фактычна ў падполлі.

Усё, што ў нацыянальнай культуры старанна збіралася, вырошчвалася, памнажалася, змаргіналізавана, выцеснена ў цень, на ўзбочыну жыцця.
Чакайце! А як жа неверагодныя поспехі тутэйшай эканомікі?..

Толькі хто не ведае сёння вытокаў гэтых поспехаў? Гандаль расійскай нафтай, салігорскімі ўгнаеннямі ды часткова металам. А рынак расійскі катастрафічна звужаецца, чэзне. Гэта эканоміка збегу абставін, выпадковай удачы. А што будзе заўтра — без значных інвестыцый, без новых тэхналогій, без трывалых сувязей з Еўропай — пра тое лепш не думаць.

Трэці прэзідэнцкі тэрмін — гэта катастрафічны, безнадзейна састарэлы праект. Ніякай перспектывы ў рэжыма няма. Ніякая сіла яго не ўтрымае. Ён выкарыстаў свой жыццёвы рэсурс.

Так, канчаткова адрынуўшы ўсялякія ўяўленні аб прыстойнасці, яшчэ можна крыху падоўжыць яго агонію. Але канец — непазбежны. І шмат хто ў Расіі ўжо задаволена пацірае рукі у чаканні падзелу беларускага пірага. «Нікуды ён не дзенецца!» — зларадна паўтараюць тыя, хто прапаноўваў «братэрскі» варыянт аб”яднання — уваходжанне ў Расію шасцю абласцямі. Дакладней, у якасці гною для працвітання суседняй нацыі.

Перадвыбарчая дымавая завеса ў выглядзе таннага газу яшчэ невядома якіх запатрабуе разлікаў пасля гэтых выбараў. Мінистр абароны і віцэ-прэм”ер Расіі Іваноў адзначыў, што рынкавая цана на газ будзе непазбежнай для ўсiх без выключэння. Ды гэта і без Іванова было вядома. Расія ўступае ў Сусветную Гандлёвую арганізацыю. I будзе абавязана дакладна выконваць яе патрабаванні. Так што ўсе казкі пра нейкія асабістыя сувязі, якія без захавання пэўнай персоны ў яе ўлюбёным крэсле абарвуцца, — мыльныя бурбалкі, не болей.

Беларусь можа захаваць незалежнасць, толькі змяніўшы сваё адыёзнае кіраўніцтва.

«В Европе нас не ждут» — колькі разоў паўтаралася гэта заклінанне. Так, святая праўда. З гэтым рэжымам нас і на парог ніхто не пусціць. Аднак нават першы візіт у заходнееўрапейскія краіны адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў і ягоныя перамовы з уплывовымі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі засведчылі, што Беларусь, у выпадку адмовы ад таталітарызму, можа разлічваць на вяртанне ў еўрапейскую супольнасць.

Гісторыя — пані скупая. Не так часта яна раздае народам свае падарункі. У 1996-м у нас быў шанс самім вызначыць сваю будучыню. Але мы даверыли гэта маскоўскім візітоўцам — таварышам Строеву, Селязнёву и Чарнамырдзіну. І атрымалі тое, што маем.

Гэтыя выбары — яшчэ адна магчымасць нешта змяніць да лепшага ў сваім жыцці. Прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за дастойнага кандыдата ў нашых умовах далёка не ўсё. Трэба яшчэ абараніць перамогу народа. Не дазволіць аматарам пажыццёвай улады гэту перамогу «элегантна» скрасці. Нельга ў гэтыя лёсавызначальныя дні сядзець перад бязглуздай тэлескрынкай, чакаючы па даўняй беларускай завядзёнцы, «куды пагоняць».

У час кіраўнічых паездак па Магілёўшчыне было ўрачыста абвешчана, што за прэзідэнта трэцяга тэрміну аддадуць свае галасы большасць выбарнікаў.

Калі ўсё так цудоўна, чаго баяцца? Навошта было збіраць двухмільённыя спісы ў падтрымку адзінаабранага, перакрываць доступ апазiцыі ў выбарчыя камісіі? Наадварот, няхай бы і апазіцыя, і ўсе назіральнікі на свае вочы ўбачылі, як бездакорна падлічваюцца галасы. І пераканаліся, каму аддае перавагу народ Беларусі.

Але ж не! Бяда ў тым, што рэжыму добра вядомы сапраўдны прагноз на гэтыя выбары. І ён для рэжыму — катастрафічны.

Ужо не толькі самым дасведчаным грамадзянам, не толькі інфармаваным чыноўнікам, але нават дзіцяці вядома, што ў сённяшняй Беларусі абсалютная большасць — супраць лукашызму. Усім абрыдла гэта паўсядзённая злосць і нянавісць, цынічная, нахабная хлусня, разбэшчанае хамства. Беларусь не настолькі багатая краіна, каб дазволіць сабе гэткую раскошу — дзяржаўнае кіраўніцтва ў стылі саўгаса «Гарадзец».

Мы — народ. Мы выйдзем на вуліцы і плошчы гарадоў і вёсак, каб увесь свет убачыў, што супраць абрыдлага рэжыму не пяць адсоткаў, як яны задоўга да выбараў паспяшаліся ўжо абвесціць, а пераважная большасць.

Улада палохае абыватэля рэвалюцыяй. Гэтыя бяздарныя людзі кепска вучыліся ў савецкай школе. Яны не засвоілі нават пачаткаў гісторыі. Рэвалюцыя — гэта калі п”яныя матросы штурмуюць банкі, пошту і тэлеграф. А людзі, якія выходзяць на плошчу, каб прымусіць уладу бездакорна выканаць юрыдычную працэдуру выбараў — гэта не рэвалюцыянеры. Гэта — народ, які ў адпаведнасці з канстытуцыяй з”яўляецца суб”ектам улады. І няма чаго разводзіць глупствы і прыдумляць чыноўніцкія страшылкі. Пасядзелі. Папрацавалі, як умелі. Тэрмін скончыўся. Калі ласка, сыходзьце. За крэсла зубамі чапляцца няварта. А тым больш, бразгаць зброяй. Не той час.

Войны ў Еўропе скончыліся. І прывідам з лініі Сталіна лепш не рызыкаваць. Месца на лаве побач з Мілошавічам — не самае лепшае ў гэтым свеце.

Рэжым сканаў. Праводзім яго ў апошні шлях спакойна і годна.

 

Уладзімір Халіп, пісьменнік