|   Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае рашучы пратэст 
              супраць хвалі ціску і запалохваньняў актывістаў грамадзянскай супольнасьці, 
              якая пракаціліся 21 лютага 2006 г. па шматлікіх гарадах Беларусі. 
              Супрацоўнікі КДБ і міліцыі наладзілі ператрусы ў прыватных кватэрах 
              і офісах грамадзкіх актывістаў у Наваполацку, Брэсьце, Магілёве, 
              Жлобіне, Менску і іншых гарадах краіны. Пры гэтым канфіскоўвалася 
              кампутарнае абсталяваньне, носьбіты інфармацыі, іншая тэхніка.  
            Фармальнай падставай для масавых ператрусаў і затрыманьняў актывістаў 
              грамадзянскай супольонасьці выкарыстоўвалася Пастанова пракуратуры 
              г. Менску аб правядзеньні вобыскаў у межах узбуджанай крымінальнай 
              справы па ч. 1. арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь (паклёп у адносінах 
              да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Дзесяткі грамадзкіх актывістаў 
              па ўсёй краіне затрыманыя і дапытаныя ў якасьці сьведкаў супрацоўнікамі 
              КДБ. Пры гэтам людзі запалохваліся, на іх аказваўся непрыхаваны 
              маральны і псіхалагічны ціск.  
            «Масштабная акцыя запалохваньня беларускага грамадзтва з боку беларускіх 
              уладаў адбываецца на фоне хлусьлівых, тэндэнцыйных матэрыялаў аб 
              прадстаўніках беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай 
              супольнасьці ў дзяржаўных беларускіх СМІ», — гаворыцца ў заяве. 
            Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае дадзеныя дзеяньні ўладаў 
              як агульнанацыянальную акцыю запалохваньня і ціску на грамадзянаў 
              краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.  
            Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае прадстаўнікоў міжнароднай 
              супольнасьці, праваабарончыя арганізацыі выкарыстаць усе магчымыя 
              міжнародныя механізмы і аказаць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі 
              з мэтай спыненьня рэпрэсіўнай машыны рэжыму.  
              
            Хартия-97 
                     |