Белорусские правозащитники приняли совместное заявление,
касающееся задержаний и возбуждений уголовных дел против активистов
молодежных организаций Беларуси. Правозащитники призывают власти
прекратить репрессии против членов молодежных движений. Правозашитники
обращаются к общественности с призывом проявить солидарность с арестованными
и их семьями. Читайте полный текста заявления.
Заява
Пасьля абвяшчэньня выбарчай кампаніі па краіне пракацілася магутная
хваля арыштаў моладзевых актывістаў за грамадзка-палітычную дзейнасьць,
крытыку рэжыму і палітычныя графіці. Перасьлед моладзі набыў масавы
характар — за два месяцы ў Беларусі ўзбуджана больш за дзесяць крымінальных
справаў, маладых людзей затрымліваюць прэвентыўна на вуліцах гарадоў,
на кватэрах адбываюцца ператрусы і канфіскацыі. Многіх моладзевых
актывістаў выключылі з ВНУ з-за іх грамадзка-палітычнай дзейнасьці,
на моладзь узмацніўся ціск супрацоўнікаў КДБ і інышых сьпецслужбаў.
Актывістаў супраціву «Зубр» Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро
затрымалі за палітычныя графіці, але прад’яўленае ім абвінавачаньне
па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага Кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі).
У горадзе Жодзіна па арт. 369 Крымінальнага Кодэксу (публічная абраза
адказных асобаў) узбуджаная крымінальная справа ў адносінах Паўла
Красоўскага — актывіста моладзевага дэмакратычнага руху, сябра ініцыятыўнай
групы Аляксандра Мілінкевіча — за публікацыю сатырычных карыкатураў
на кіраўніцтва горада. Крымінальная справа ўзбуджаная супраць актывіста
Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, які спрабаваў зьняць афіцыйны
сьцяг з будынку Менгарвыканкаму. Абвінавачаньне З. Касьпяровічу
прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Крымінальная справа
ўзбуджаная ў адносінах актывістаў арганізацыі «Малады Фронт» Артура
Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага, затрыманых у Менску за напісаньне
палітычных графіці, па ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства).
Асаблівы цынізм па дадзеных справах праяўляецца ў тым, што сьледчыя
органы наўмысна кваліфікуюць напісаньне палітычных графіці выключна
як хуліганства ці злоснае хуліганства. Гэта кваліфікацыя дазваляе
пазбаўляць моладзевых актывістаў волі і зьмяшчаць у СІЗА.
Зафіксаваны першы выпадак прад’яўленьня абвінавачаньня згодна з
новымі папраўкамі ў Крымінальны кодэкс Беларусі. Моладзевы актывіст
Цімафей Дранчук затрыманы па падозраньні ў зьдзяйсьненьні злачынства,
прадугледжанага арт. 193 ч.2 Крымінальнага кодэксу: дзейнасьць ад
імя незарэгістраванай арганізацыі «Рух Андрэя Клімава». Цімафей
Дранчук знаходзіцца і дапытваецца ў СІЗА КДБ.
21 лютага стаў чорным днём для белаускай грамадзка і палітычна
актыўнай моладзі. Па ўсёй Беларусі: у Менску, Берасьці, Наваполацку,
Жлобіне, Магілёве і ў іншых гарадах адначасова адбыліся вобыскі
на кватэрах і ў офісах моладзевых рухаў. Вобыскі і канфіскацыі носьбітаў
інфармацыі ажыцьцяўлялі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы,
узбуджанай за паклёп на прэзідэнта.
Напярэдадні мірных акцый пратэсту ўлады актыўна выкарыстоўваюць
сфальсіфікаваныя справы аб «дробным хуліганстве» і превынтыўна затрымліваюць
моладзевых актывістаў. Масавымі затрыманьнямі завяршаюцца і самі
падобныя акцыі. Так, напярэдадні і падчас акцыі Дня салідарнасьці
16 лютага было затрымана больш за 50 чалавек, пяцёра з іх былі асуджаныя
на 10-15 сутак адміністратыўнага арышту.
Па ўсёй краіне з ВНУ адлічваюцца грамадзка і палітычна актыўныя
студэнты, якія маюць уласныя меркаваньні адносна падзеяў, якія існуюць
у краіне. Так, за апошнія два тыдні адлічаныя чацьвёра студэнтаў:
Сяргей Марчык — студэнт-выдатнік Баранавічскага дзяржаўнага ўніверсітэту,
Любоў Кучынская — студэнтка Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай
медыцыны, Яўген Скрабутан — студэнт Гроненскага дзяржаўнага ўніверсітэту,
Марына Цьвяткова — студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага
ўніверсітэту імя Куляшова.
Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць
моладзі, вызваліць усіх арыштаваных, спыніць палітычныя крымінальныя
справы і ўзнавіць на месцах навучаньня адлічаных па палітычных матывах
студэнтаў.
Мы зьвяртаемся да прадстаўнікоў беларускай грамадскасьці з заклікам
праявіць салідарнасьць з арыштаванымі і іх сем’ямі.
Мы заклікаем міжнародную супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі
выкарыстаць усе магчымыя сродкі дзеля аказаньня ўплыву на беларускія
ўлады з мэтай спыненьня масавых рэпрэсіяў супраць беларускай моладзі
напярэдадні важнай палітычнай кампаніі.
22 лютага 2006 году
Гары Паганяйла
Алег Гулак
Дзьмітрый Маркушэўскі
Алесь Бяляцкі
Валянцін Стэфановіч
Тацяна Рэвяка
Ірына Тоўсьцік
Людміла Гразнова
|