У польскім парлямэнце сёньня была афіцыйна зарэгістраваная
дэпутацкая група «На карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю».
Ініцыятарам стварэньня дэпутацкай групы быў дэпутат ад Беласточчыны
Робэрт Тышкевіч, з другой паводле велічыні парлямэнцкай фракцыі
Сэйму «Грамадзянская плятформа».
Пра гэта было заяўлена ў дзень, калі ў парлямэнце — упершыню ў
паваеннай гісторыі Польшчы прамаўляў беларускі палітык — кандыдат
ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.
Спадар Тышкевіч быў абраны кіраўніком новай дэпутацкай групы.
(Тышкевіч: ) «Мы вырашылі, што варта, каб у польскім парлямэнце
была адмысловая структурная частка, група дэпутатаў, якія сачылі
б за сытуацыяй у Беларусі, рабілі прапановы парлямэнту ў справе
Беларусі, але і зьвярталіся з ініцыятывамі да польскага ўраду што
тычыцца Беларусі».
Паводле спадара Тышкевіча, сябры дэпутацкай групы зоймуцца таксама
каардынацыяй захадаў парлямэнтароў з суседніх зь Беларусьсю дэмакратычных
краінаў у беларускіх справах — ужо ў найбліжэйшы час адбудзецца
сумесная канфэрэнцыя дэпутатаў з гэтых краінаў.
Акрамя дэпутатаў ад «Грамадзянскай плятформы» у групу «На карысьць
салідарнасьці зь Беларусьсю» увайшлі таксама прадстаўнікі фракцыі
кіруючай цяпер у Польшчы партыі «Закон і справядлівасьць».
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|