|   Беларуская сытуацыі напярэдадні выбараў па-ранейшаму 
              ў фокусе ўвагі ўплывовых замежных палітыкаў і арганізацыяў. 
             Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Крэмер у часе ўчорашніх 
              сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай улады і апазыцыі ў Менску 
              заявіў, што ЗША не падтрымліваюць нікога зь кандыдатаў на беларускага 
              прэзыдэнта, але падтрымліваюць дэмакратыю і вольны выбар народу. 
             
            (Крэмэр: ) «Я спадзяюся, што самаізаляцыя Беларусі закончыцца. 
              Але гэта не здарыцца, калі падзеі тут будуць разьвівацца ў няправільным 
              кірунку». 
            «Сярод 800 мільёнаў эўрапейцаў не стае 10 мільёнаў беларусаў», 
              заявіў у чацьвер ў часе праскай канфэрэнцыі па пытаньнях Беларусі 
              Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.  
            (ван дэр Ліндэн: ) «Беларусь, гэта адзіная краіна ў Эўропе, якая 
              не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Пытаньне ў тым, які знайсьці спосабы, 
              каб дапамагчы беларусам у іх шляху да дэмакратыі і павагі да закону 
              і правоў чалавека».  
            Прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга ў чацьвер у інтэрвію латвійскаму 
              радыё заявіла, што Эўразьвязу трэба гаварыць з Расеяй для таго, 
              каб знайсьці сумеснае стаўленьне да працэсаў у Беларусі.  
            Пра сваё жаданьне прыехаць назіральнікамі за беларускімі выбарамі 
              заявілі ў сераду дэпутаты Эстоніі. Гаворыць намесьнік старшыні парлямэнцкай 
              камісіі «У падтрымку дэмакратыі ў Беларусі» Марка Мікхельсон. 
            (Мікхельсон: ) «На сёньня мы ўжо маем 14 дэпутатаў, якія выказалі 
              такое жаданьне. Але сьпіс закрыецца 28 лютага, і жадаючых будзе 
              больш. Мы спадзяемся, што атрымаем беларускія візы». 
            Эўракамісія мае намер ўвесьці пасаду часовага паверанага ў справах 
              Беларусі. Ім стаў Дэрк Шубэль — кіраўнік аддзелу палітыкі прадстаўніцтва 
              Эўракамісіі ў справах Украіны і Беларусі, якое месьціцца ў Кіеве. 
             
            Кіраўнік Чэскай амбасады ў Менску Ўладзімір Румл быў выкліканы 
              ў чацьвер у беларускае МЗС, дзе яму завілі рашучы пратэст. Напярэдадні 
              беларускае тэлебачаньне у сваім рэпартажы абвінаваціла чэскую амбасаду 
              ў правядзеньні «падрыўной дзейнасьці» ў краіне.  
            Міністар замежных справаў Чэхіі пракамэнтаваў скандал вакол чэскіх 
              дыпляматаў ў Менску.  
            (Свобада: ) «Гэта абвінавачаньне адназначна абвяргаю. Тое, што 
              Беларусь ацаніла як падрыўныя матэрыялы, нішто іншае, як брашурка 
              з тэкстам, які выпрацавала камісія правоў чалавека ААН. Беларусь 
              зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі, таму нашыя дзеяньні ня могуць 
              быць нейкай падрыўной дзейнасьцю».  
            У нядзелю стартуе новы інфармацыйны праект Эўракамісіі Window to 
              Europe (Акно ў Эўропу). Гэта будуць адмысловыя тэле– і радыёпраграмы 
              для Беларусі, якія будуць таксама дублявацца і ў Інтэрнэце. У размове 
              са Свабодай прэсавая сакратарка Эўракамісіі Эма Адвін сказала  
            (Адвін: ) «Гэты новы праект вяшчаньня на Беларусь — ня ёсьць прапагандай.Гэта 
              шлях да забесьпячэньня інфармацыяй тых беларусаў, якія хочуць мець 
              доступ да незалежных мэдыяў». 
              
            Радыё Свабода 
                     |