Гэта новы праект нямецкай кампаніі Media Сonsulting.
Раней яна перамагла ў тэндэры Эўракамісіі на арганізацыю незалежнага
вяшчаньня на Беларусь.
Таксама напярэдадні стаў вядомы сьпіс прадстаўнікоў беларускіх
дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якіх мяркуецца пазбавіць
права ўезду ў краіны Эўразьвязу.
Цэнтральны офіс «Эўрапейскага радыё для Беларусi» месьціцца ў Варшаве.
Вось што паведаміў Радыё Свабода яго супрацоўнік Зьміцер Новікаў.
(Новікаў: ) «Гэта сучасная, разьлічаная на моладзь радыёстанцыя.
Яна будзе працаваць у інфармацыйна-музычным фармаце. Пакуль наша
праграма «Акно ў Эўропу» выходзіць адну гадзіну на суткі. На сярэдніх
хвалях 612 кілягерц ад восьмай да дзевятай беларускага часу раніцай.
Гэта актуальныя навіны зь Беларусі. А таксама шмат іншай інфармацыі,
у тым ліку забаўляльнай. Праграму можна слухаць у Інтэрнэце на старонцы
www.belradio.fm».
А цяпер — да іншай навіны беларускай журналістыкі. На сайце belpropaganda.freewebsites.com
зьвіўся «чорны сьпіс» кандыдатаў на «нявыезд». Гэта кіраўнікі, рэпарцёры
і аглядальнікі галоўных дзяржаўных тэлеканалаў, а таксама газэтаў
«Советская Белоруссия», «Обозреватель» ды «7 дней». Вось некаторыя
прозьвішчы: Азаронак, Мартыненка, Кавалёва, Чыкін, Зімоўскі, Якубовіч,
Кісель, Пракопаў. У гутарцы з апошнім запытваю ці засмучае яго пэрспэктыва
атрымаць забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу?
(Пракопаў: ) «Такіх ініцыятываў было процьма. Наўрад ці яны мелі
плён. Як мне падаецца, гэта нейкі прапагандысцкі крок».
Па-іншаму ацэньвае сытуацыю незалежны журналіст Віталь Тарас. Ягоны
камэнтар надрукаваны ў апошнім нумары газэта «Наша Ніва».
(Тарас: ) «Мяркую, што насамрэч кожнаму чалавеку непрыемна патрапіць
у гэты сьпіс. І ня толькі таму, што ён ня зможа паехаць, нават калі
хацеў бы. Сьпіс мае сымбалічнае і асабліва маральнае значэньне.
Такім чынам яны застаюцца ў гісторыі як антыгероі».
Сёньня і ў чацьвер на расейскім тэлеканале RTV, які працуе з-за
мяжы, адбудзецца паўтор паўгадзіннай беларускай перадачы. Упершыню
яна выйшла ў нядзелю ў 17 гадзінаў. Офіс па падрыхтоўцы праграмы
знаходзіцца ў Кёльне. Партнэрам тэлепраекту зьяўляецца нямецкая
тэлекампанія ZDF.
Радыё Свабода
|