Сёньня вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славакіі
і Вугоршчыны надрукавалі карыкатуры Аляксандра Лукашэнкі на знак
салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і мультфільмаў пра кіраўніка беларускай
дзяржавы, якім пагражае турэмнае зьняволеньне.
«Мы хочам паказаць прэзыдэнту Беларусі, што сьмех — гэта зброя
дэмакраты», — гэтымі словамі пачынаецца тэкст пад карыкатурамі на
Аляксандра Лукашэнку, што надрукаваў сёньня найбольш масавы польскі
штодзёньнік «Gazeta Wyborcza».
Акрамя «Газэты Выбарчай» да акцыі салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў
і сатырычных мультфільмаў, далучыліся папулярная чэская газэта «Lidove
Noviny», вугорскі штодзёньнік «Magyar Hirlap» і вядучая славацкая
газэта «Sme» (нагадаем, яе карэспандэнту беларускія ўлады нядаўна
не дазволілі ўезд на тэрыторыю Беларусі).
У «Газэце Выбарчай» кажуць, што газэта нягледзячы на тое, што ў
Беларусь не пусьцілі і яе карэспандэнта, будзе ўсяляк змагацца супраць
абмежаваньня права на доступ да інфармацыі ў Беларусі, у тым ліку
і празь сьмех, «якога ня любіць і баіцца кожная дыктатура».
(Стасіньскі: ) «Трэба пратэставаць супраць таго, што адбываецца
ў Беларусі. Нельга пагадзіцца з рэпрэсіямі. Таму мы пратэставалі
і будзем пратэставаць усімі магчымымі спосабамі», — сказаў Радыё
Свабода Пётра Стасіньскі — намесьнік галоўнага рэдактара «Газэты
Выбарчай».
Былыя ўдзельнікі антыкамуністычных рухаў у Польшчы таксама кажуць,
што сьмех можа быць эфэктыўнай зброяй у барацьбе супраць недэмакратычных
уладаў. Гаворыць Генрык Вуец — адзін са стваральнікаў і лідэраў
«Салідарнасьці», які ўжо ў вольнай Польшчы стаў дэпутатам і міністрам.
(Вуец: ) «Гэта, канечне, вельмі добрая зброя. Ва ўмовах рэжыму
людзям нярэдка цяжка змагацца адкрыта, бо гэта пагражае турмой ці
звальненьнем з працы. У камуністычнай Польшчы было вельмі шмат палітычных
анэкдотаў, зьяўленьне якіх улады ніяк не маглі спыніць. Ці знаная
«памаранчавая альтэрнатыва» — слова памаранчавы, напэўна, Лукашэнку
не спадабалася б — людзі ў памаранчавых кашулях, пераапранутыя ў
строі гномаў раздавалі мінакам на вуліцы туалетную паперу, а чалавек,
апрануты як міліцыянт — ён называў сябе маёр Фрыдрых — разганяў
гномаў. Так сьмяяліся зь міліцыянтаў, якія разганялі дэманстрацыі.
Такія акцыі, як зрабіла «Gazeta Wyborcza», дапамагаюць зразумець,
што з гэтага дыктатара можна пасьмяяцца".
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|