За спробу сарваць чырвона-зялёны сьцяг — пяць месяцаў у турме

27.02.2006

За спробу зьняць дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг з даху Менгарвыканкаму і замяніць яго на нацыянальны бел-чырвона-белы судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Ўнукевіч пакарала 24-гадовага актывіста Зьмітра Касьпяровіча арыштам на пяць месяцаў.

Судзьдзя Унукевіч клясыфікавала ягоныя дзеяньні як злоснае хуліганства. Зміцер Касьпяровіч прызнаў, што сапраўды спрабаваў сарваць чырвона-зялёны сьцяг з даху Менскага гарвыканкаму і хацеў усталяваць бел-чырвона-белы, але заявіў, што справа павінна была б разглядацца не як хуліганства, а як зьнявага дзяржаўных сымбаляў.

Тым часам ягоны адвакат паведаміў, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне суду. Абаронца не разьлічвае, што гарадзкая калегія адменіць прысуд, але спадзяецца прынамсі на зьмякчэньне пакараньня.

Зьміцер Касьпяровіч быў затрыманы 17 студзеня і ўвесь гэты час знаходзіўся ў сьледчым ізалятары.