|   Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які 
              спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам на Ўсебеларускі сход, быў зьбіты 
              палкоўнікам Дзьмітрыем Паўлічэнкам і затрыманы. Ня выключана, што 
              на яго завядуць крымінальную справу. Сёньня ж затрымалі больш за 
              тры дзясяткі прыхільнікаў Казуліна і журналістаў. 
             Аляксандар Казулін разам са сваімі паплечнікамі прыйшоў раніцай 
              2 сакавіка да Палацу культуры чыгуначнікаў, дзе праходзіла рэгістрацыя 
              дэлегатаў Трэцяга ўсебеларускага сходу. Нядаўні зьезд сацыял-дэмакратычнай 
              партыі «Грамада», якую ачольвае Казулін, вылучыў яго дэлегатам на 
              Ўсебеларускі сход, каб ён змог азнаёміць людзей са сваёй праграмай. 
              Закон аб рэспубліканскіх сходах дазваляе вылучэньне ад партыяў. 
              У фае палацу яго сустрэла прадстаўніца рэгістрацыйнай групы, і ў 
              Аляксандра Казуліна зь ёй адбылася такая размова:  
            (Казулін: ) «Я прыйшоў зарэгістравацца дэлегатам».  
            (Прадстаўніца камісіі: ) «Аляксандар Уладзіслававіч, вы цудоўна 
              ведаеце, як праходзіла вылучэньне, і хто абраны дэлегатам ад гораду 
              Менску».  
            (Казулін: ) «Сэкундачку, я цудоўна ня ведаю. За мной стаяць 200 
              тысяч выбарцаў, а хто стаіць за вамі. Таму я пайшоў рэгістравацца». 
             
            У сярэдзіне фае шлях Казуліну, яго паплечнікам і журналістам перагарадзілі 
              людзі ў цывільным, якімі кіраваў камандзір спэцназу МУС Дзьмітры 
              Паўлічэнка. Яны пачалі адціскаць у розныя бакі і зьбіваць прадстаўнікоў 
              выбарчага штабу і журналістаў.  
            Аляксандра Казуліна павалілі на падлогу, і Паўлічэнка зьбіваў яго 
              нагамі.  
            Пазьней у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» палкоўнік Паўлічэнка сказаў: 
              «Казулін мяне абразіў, і я пагаварыў зь ім па-мужчынску». Зьбілі 
              таксама генэрала Валерыя Фралова, апэратара агенцтва «Reuters» ды 
              іншых.  
            Некалькі асобаў у цывільным запхнулі Аляксандра Казуліна ў мікрааўтобус 
              і адвезьлі ва ўправу міліцыі Кастрычніцкага раёну.  
            Кіраўнік выбарчага штабу Казуліна Мечыслаў Грыб так пракамэнтаваў 
              напад на кандыдата:  
            (Грыб: ) «Гэтая акцыя была заказаная і яшчэ раз пацьвердзіла, што 
              ўлады гатовыя ісьці на ўсё».  
            Тым часам каля пастарунку, дзе трымалі Казуліна, сабраліся ягоныя 
              паплечнікі, жонка, дзеці і сваякі кандыдата, назіральнікі ад АБСЭ 
              і журналісты. Да пастарунку пад’ехаў аўтобус і прыкладна дваццаць 
              чалавек, сярод якіх былі брат Казуліна, карэспандэнты «Комсомольской 
              правды” Алег Улевіч і «БелГазеты” Дзьмітры Брушко, зацягнулі ўсярэдзіну. 
             
            Чалавек у цывільным адкрыў агонь зь пісталету па прыпаркаванай 
              побач машыне, зь якой паплечнікі Казуліна здымалі затрыманьне.  
            Таксама затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі фотакарэспандэнтаў 
              «Нашай Нівы” Юлію Дарашкевіч, агенцтваў «Associated Press» Сяргея 
              Грыца і Васіля Фядосенку з «Reuters».  
            Затрыманых адвезьлі ў Ленінскую ўправу міліцыі. Пры затрыманьні 
              былі моцна зьбітыя Алег Улевіч, Іван Лабачоў і Ўладзімер Севярын. 
              Прыкладна ў гэты ж час, каля гарадзкой ратушы, затрымалі пятнаццаць 
              прыхільнікаў Казуліна, якія чакалі сустрэчы са сваім кандыдатам. 
              Іх адвезьлі ў Цэнтральны аддзел міліцыі. Пасьля некаторых адпусьцілі 
              да суду, а некаторых завезьлі ў спэцпрыёмнік.  
            Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч выказаў сваю 
              салідарнасьць з затрыманым Аляксандрам Казуліным, а штаб кандыдата 
              сацыял-дэмакратаў запатрабаваў неадкладна яго вызваліць.  
            У пастарунку Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль 
              невядома, якое абвінавачаньне яму прад’явяць. Ня выключана, што 
              Казуліна могуць пазбавіць кандыдацкай рэгістрацыі і прыцягнуць да 
              крымінальнай адказнасьці.  
              
            Радыё Свабода 
              
               
             |