|   Сёньня беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю ў пасольства 
              Беларусі ў гэтай краіне. У дакумэнце выказваецца рашучы пратэст 
              супраць зьбіцьця апазыцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі 
              Аляксандра Казуліна. Пэтыцыю прыйшлося перадаваць пры дапамозе бэльгійскіх 
              паліцыянтаў. 
             Беларусы прыехалі ў Брусэль з Антвэрпэну адмыслова, каб перадаць 
              свой зварот у пасольства. Супрацоўнікі беларускай амбасады, аднак, 
              адмовіліся выйсьці да іх, каб узяць дакумэнт.  
            Пасьля прыкладна гадзіннага пікетаваньня будынку амбасады, дапамагчы 
              беларусам узяліся бэльгійскія паліцэйскія, якія ўзялі пэтыцыю і 
              занесьлі яе ў амбасаду. Паводле словаў старшыні Беларуска-Эўрапейскага 
              задзіночаньня Зьмітра Піменава, раней у такіх сытуацыях атрымлівалася 
              абыходзіцца без пасярэдніцтва паліцыі.  
            (Піменаў: ) «Мы разумеем, што сапраўды там сталі баяцца. Раней 
              нехта выходзіў, на відэа здымалі, фатаграфіі рабілі, а цяпер ніхто 
              праз цэнтральны ўваход нават не выходзіў — толькі праз другі хадзілі. 
              Выйшлі нейкія людзі — беларусы, яны сказалі, што пагаджаюцца з намі, 
              падтрымліваюць нашу пэтыцыю, але прасілі не рабіць здымкі, бо, кажуць 
              «будуць у нас непрыемнасьці з-за гэтага». 
            У пэтыцыі, якая ўсё ж трапіла ў амбасаду, беларусы Бэльгіі патрабуюць 
              ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі і пакараць 
              вінаватых у тым, што здарылася ўчора з Аляксандрам Казуліным, а 
              таксама тых, хто мае дачыненьне да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў. 
              У пэтыцыі гаворыцца што перадусім да адказнасьці павінен быць прыцягнуты 
              Зьміцер Паўлічэнка.  
            (Піменаў: ) «Мы сваёй пэтыцыяй хацелі зьвярнуць увагу на тое, што 
              чалавек, які зьбіў Казуліна, зьвязаны са зьнікненьнямі апазыцыйных 
              палітыкаў і журналістаў. Патрабуем, каб яго прыцягнулі да крымінальнай 
              адказнасьці за ўсё гэта».  
            У дзень выбараў — 19 сакавіка беларусы Бэльгіі маюць наладзіць 
              вялікі пікет каля беларускай амбасады ў Брусэлі. 
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
             
             
             |