|   Кіраўнік падкамітэту палітыкі суседзтва у камітэце 
              замежных справаў Сойму Літвы Эмануэліс Зінгерыс заклікаў да стварэньня 
              новага пакета палітыкі суседзтва Эўразьвязу у дачыненьнях з беларускім 
              рэжымам. Літоўскі парлямэнтар заклікае зрабіць гэта неадкладна, 
              не чакаючы вынікаў выбараў у Беларусі. 
             У адмысловай заяве, распаўсюджанай Эмануэлісам Зінгерысам, галоўным 
              у справах палітыкі суседзтва ў літоўскім парлямэнце, адзначаецца, 
              што рэжым А.Лукашэнкі спрабуе ўтрымаць уладу пры дапамозе грубай 
              сілы і манапалізаваных рэжымам СМІ, парушаючы ўсе міжнародныя прынцыпы. 
             
            У заяве гаворыцца: «Да таго, як А.Лукашэнка абвесьціць вынікі «выбараў» 
              і адбудуцца новыя спробы падмануць урады Эўразьвязу гэтак званай 
              «real politic», якая па сутнасьці адпавядае інтарэсам рэжыму Лукашэнкі, 
              кіраўніцтва Эўразьвязу мае падрыхтаваць якасна новы пакет адносна 
              дачыненьняў з рэжымам Лукашэнкі. Дасюль ужываныя Эўразьвязам сродкі 
              — недастатковыя і дэкарытаўныя. Дысбалянс паміж Усходам і Захадам, 
              які існуе ў палітыцы суседзтва Эўразьвязу, павінен быць зьнішчаны 
              дзеля ўзмацненьня ўсходняга накірунку гэтае палітыкі».  
            У заяве адзначаецца, што адказнасьць за распрацоўку новай палітыкі 
              дачыненьняў з Беларусьсю возьме ня сябе Бюро камісара Бэніты Фэрара-Вальднэр, 
              далей гэта абмяркуюць у Эўрапарлямэнце і ў парлямэнтах краінаў — 
              сябраў Эўразьвязу.  
            Заява Э.Зінгерыса заклікае: «Эўразьвяз ня можа дапусьціць, каб 
              усе прынятыя ім рэзалюцыі ў справе парушэньня правоў чалавека пераўтварыліся 
              ў нязначныя паперы, дэклярацыі, зь якіх кпяць дыктатары. Пасьля 
              перажытага Эўропай у 20 стагодзьдзі уроку ад дыктатураў, Эўразьвяз 
              не павінен дапусьціць, каб 10 мільёнаў чалавек жылі пад адноўленым 
              страхам спэцслужбаў. Звычайным беларускім грамадзянам маюць быць 
              створаныя умовы бачыць дасягненьні Эўразьвязу, а арганізатары рэжыму 
              павінны быць сурова і эфэктыўна ізаляваныя». 
             
              
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
             
             
             |