|   Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту ў складзе сямі 
              чалавек мае намер прыехаць наступным тыднем у Беларусь для назіраньня 
              за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах. У інтэрвію нашаму радыё 
              старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар Брок 
              адзначыў, што перасьлед рэжымам Лукашэнкі беларускай апазыцыі фактычна 
              не пакідае надзеі на правядзеньне сумленных і свабодных выбараў 
              прэзыдэнта. 
             Кіраўнік дэлегацыі Эўрапалямэнту для назіраньня за выбарамі ў 
              Беларусі Богдан Кліх не выключае, што дэлегацыя ня будзе прапушчаная 
              на беларускую тэрыторыю. Эўрапейскі парлямэнт ня мае запрашэньня 
              ад Нацыянальнага сходу Беларусі: эўрадэпутаты не падтрымліваюць 
              кантактаў зь цяперашнім беларускім парлямэнтам, бо не прызнаюць 
              яго за дэмакратычна абраны орган улады.  
            Напярэдадні чальцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту для назіраньня за выбарамі 
              ў Беларусі выступілі з заяваю, у якой асудзілі зафіксаваныя на працягу 
              апошніх дзён парушэньні стандартаў дэмакратычных выбараў.  
            Старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар Брок 
              заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выкарыстаць свой уплыў 
              на сытуацыю ў Беларусі для забесьпячэньня дэмакратычнага ходу выбарчай 
              кампаніі на яе заключным этапе. У інтэрвію нашаму радыё Брок заявіў, 
              што беларуская апазыцыя можа разьлічваць на падтрымку міжнароднай 
              дэмакратычнай супольнасьці:  
            (Брок: ) «Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны паказаць 
              беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны сьвет. Тут, 
              у Эўропе, мы пачуваемся адказнымі зрабіць гэта, і я спадзяюся, сродкі 
              масавай інфармацыі гатовыя паказаць Лукашэнку й ягонаму абкружэньню, 
              што беларускі рэжым ізаляваны ў сьвеце».  
            Тым часам прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў заявіў 
              сёньня, што «назіраць за выбарамі ў Беларусі могуць толькі назіральнікі, 
              афіцыйна запрошаныя беларускім бокам, якія атрымалі адпаведную акрэдытацыю». 
              «Мы чакаем тых, каго запрасілі, і не чакаем тых, каго не запрашалі», 
              — сказаў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі. Паводле 
              яго словаў, чакаецца, што ўсяго на выбарах у Беларусі будуць працаваць 
              434 назіральнікі ад СНД і 450 — ад Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва 
              ў Эўропе. 
              
            Юрась Бушлякоў 
              Радыё Свабода 
             
             
             |