Рэзалюцыя адносна сытуацыі ў Беларусі будзе абмяркоўвацца
9 сакавiка ў Бундэстагу. Як паведамілі «Свабодзе» ў нямецкім МЗС,
Бэрлін ізноў мяркуе нагадаць афіцыйнаму Менску свае патрабаваньні
што да дэмакратычных стандартаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Напярэдадні Бэрлін прымаў чарговага кандыдата на пасаду прэзыдэнта
ад беларускай апазыцыі — Аляксандра Казуліна. Сустрэча беларускага
палітыка і дзяржміністра МЗС Герната Эрлера доўжылася з гадзіну
і часам і ўзроўнем прыёму адпавядала папярэдняй сустрэчы паміж кандыдатам
ад апазыцыі Мілінкевічам і міністрам замежных справаў Штайнмаерам.
Тэкст афіцыйнага паведамленьня нямецкага МЗС пра сустрэчу дзяржміністра
Эрлера з Аляксандрам Казулінам падобны да таго, што быў падрыхтаваны
пасьля сустрэчы міністра Штайнмаера з кандыдатам у прэзыдэнты Мілінкевічам.
З тэксту вынікае, што Бэрлін заклапочаны «ў сувязі з апошнім разьвіцьцём
падзеяў у Беларусі, аднак спадзяецца на тое, што прэзыдэнцкія выбары
ў краіне пройдуць ўсё ж свабодна і празрыста»
У размове са «Свабодай» рэфэрэнт Герната Эрлера падкрэсьліў:
(Рэфэрэнт: ) «Нямеччына вельмі заклапочаная падзеямі апошняга тыдня
ў Беларусі, калі быў затрыманы кандыдат у прэзыдэнты Казулін. Гэта
выклікала вялікі розгалас у нямецкіх палітычных колах. У часе сустрэчы
са спадаром Казулінам спадар Эрлер выказаў свае спадзяваньні на
тое, што выбары ўсё ж будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам.
Заўтра ў Бундэстагу пройдуць дэбаты па Беларусі і будзе прынятая
выніковая заява, дзе гэтыя патрабаваньні будуць паўтораныя. Гэта
будзе наш сыгнал да афіцыйнага Менску. Для нас важна выказаць сваю
пазыцыю, якая адпавядае пазыцыі Эўразьвязу».
Як сказалі «Свабодзе» ў нямецкім МЗС, прыём апазыцыйных беларускіх
палітыкаў на такім высокім урадавым узроўні дэманструе вялікую цікавасьць
Бэрліна да ходу выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама прызнаньне
Нямеччынай альтэрнатыўных кандыдатаў у беларускія прэзыдэнты.
Тым часам прадстаўнікам гэтак званага беларускага лобі ў нямецкай
палітыцы візыт Казуліна ў Нямеччыну падаўся нечаканым. Уражвае тое,
што ніводная зь вядомых нямецкіх газэт не надрукавала нават маленькага
паведамленьня пра знаходжаньне ў Бэрліне Казуліна — беларускага
апазыцыянэра, пра зьбіцьцё якога мінулым тыднем напісалі многія
нямецкія выданьні.
Колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік у размове
са «Свабодай» выказаў сваё уласнае меркаваньне што да мэтаў візыту
Казуліна ў Бэрлін:
(Вік: ) «Безумоўна, можна рабіць выснову, што прыём Мілінкевіча
прайшоў на больш высокім узроўні. Я думаю, што гэтая паездка была
важная для Казуліна ў сэнсе прызнаньня ягонай партыі нямецкімі палітыкамі,
нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Як вядома, сацыял-дэмакратыя ў Беларусі
раскалолася, і нейкую ролю ў гэтым расколе адыгрываў і Казулін.
Ня ўсе нямецкія сацыял-дэмакраты пазытыўна ўспрынялі гэты момант,
і таму Казулін неяк хоча ўзьняць імідж партыі».
Мы таксама патэлефанавалі й да некаторых вядучых нямецкіх сацыял-дэмакратаў,
аднак, паводле іхных словаў, ніхто зь іх ня чуў пра візыт Аляксандра
Казуліна ў Бэрлін.
Вядома, што сёньня беларускі палітык вяртаецца дадому і ня будзе
браць удзелу ў адмысловых дэбатах у пытаньні Беларусі, дзе галоўны
даклад аб сытуацыі ў Беларусі зробіць нямецкая сацыял-дэмакратка
Ута Цапф.
Радыё Свабода
|