|   Гэты тыдзень у Польшчы можна назваць беларускім. 
              Тыдзень Беларусі ў Познані, сэрыя канцэртаў беларускіх выканаўцаў 
              у Варшаве і Гданьску, а цяпер — пачатак дзён беларускай культуры 
              ў Кракаве. Адметна, што ўсе гэтыя падзе адбываюцца без запрашэньня 
              афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў. Пра беларускія імпрэзы ў старажытнай 
              польскай сталіцы расказвае наш варшаўскі карэспандэнт. 
             Дні беларускай культуры ў Кракаве ладзяцца ўжо трэці раз запар 
              і нязьменна выклікаюць вялікую зацікаўленасьць жыхароў гэтага старажытнага 
              гораду.  
            Томаш Пугацэвіч, адзін з арганізатараў дзён беларускай культуры, 
              сказаў:  
            (Пугацэвіч: ) «Адкрыцьцё дзён беларускай культуры адбылося ў галоўным 
              будынку Ягелёнскага ўнівэрсытэту — было сапраўды шмат людзей. Гэтая 
              тэма ўжо даўно і даволі моцна цікавіць жыхароў Кракава».  
            Сёлета жыхары Кракава маюць магчымасьць пазнаёміцца, сярод іншага, 
              зь цяперашняй сытуацыяй беларускай мовы ў сыстэме адукацыі Беларусі, 
              узяць удзел у дыскусіях што ад ролі моладзі ў адраджэньні нацыянальнай 
              сьвядомасьці беларусаў, патанчыць на беларускай дыскатэцы ці паслухаць 
              выступы беларускіх музыкаў, сярод якіх гурт «BN».  
            Трэція дні беларускай культуры ў Кракаве маюць пэўныя адрозьненьні 
              ад таго, што адбывалася год таму. Мартына Квяткоўска, адна з арганізатарак 
              дзён культуры:  
            (Квяткоўска: ) «Гэтым разам мы больш увага надаём сучаснай беларускай 
              літаратуры. Лічым, што гэта вельмі важна, каб палякі пазнаёміліся 
              з творамі асабліва маладых беларускіх літаратараў. Хочам таксама 
              шырэй пагаварыць пра сытуацыю, у якой апынуліся недзяржаўныя арганізацыі 
              ў Беларусі. Мы запрасілі шэраг прадстаўнікоў беларускага трэцяга 
              сэктару, але, ведаючы апошнія выпадкі, калі беларускія ўлады не 
              выпускаюць з краіны сваіх грамадзянаў, хвалюемся каб ў іх не было 
              праблемаў на мяжы».  
            Адметна, што дні беларускай культуры, аўтарам ідэі якіх быў беларус-выкладчык 
              Ягелёнскага ўнівэрсытэту Генадзь Семянчук, арганізуюць перадусім 
              студэнты ўнівэрсытэту.  
            Прадстаўнікоў беларускіх уладаў на іх не запрашаюць.  
            (Квяткоўска: ) «Я не накіроўвала ім запрашэньняў — ня ведаю, нават, 
              як бы прысутнасьць гэтых людзей тут выглядала, ці было б гэта дарэчы 
              і ці мела б нейкі сэнс». 
              
             
              Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
               
             |