|   8 сакавіка, ніжняя палата Кангрэсу ЗША прыняла 
              рэзалюцыю ў падтрымку намаганьняў народа Беларусі па аднаўленьні 
              дэмакратыі, законнасьці і павагі да правоў чалавека. Рэзалюцыя, 
              якую падтрымаў 491сябар Кангрэсу, заклікае ўрад Рэспублікі Беларусь 
              да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў 19 сакавіка 2006 
              г. 
             Рэзалюцыя была падрыхтаваная і прапанаваная да разгляду ў Кангрэсе 
              кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Элтанам Гэлэглі.  
            Кангрэсмэн Сміт у сваім звароце да Кангрэсу адзначыў, што Беларусь, 
              якая мяжуе з Эўразьвязам, зьяўляецца анамаліяй у дэмакратычнай Эўропе. 
              Ён зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка разгарнуў інтэнсіўную 
              кампанію па застрашэньні грамадзян Беларусі праз прапаганду супраць 
              дэмакратычнай апазыцыі, Эўропы і Злучаных Штатаў. Кангрэсмэн Сміт 
              заявіў, што народ Беларусі заслугоўвае свабоду і права заняць месца 
              ў вольнай, квітнеючай і дэмакратычнай Эўропе.  
            Кангрэсмэн Шымкус, які падчас свайго выступу трымаў у руцэ кавалачак 
              джынсавай тканіны як сымбаль зьменаў, зазначыў, што рэзалюцыя заклікае 
              да правядзеньня абсалютна празрыстых выбараў, адкрытых для назіральнікаў 
              і паўнавартаснага ўдзелу палітычных партый.  
            Кангрэсмэн Том Лантас падкрэсьліў, што ў Беларусі фактычна не існуе 
              свабоды слова, незалежныя сродкі масавай інфармацыі перасьледуюцца, 
              а дэмакратычныя кандыдаты ня маюць доступу да тэлебачаньня і радыё, 
              якія цалкам кантралююцца дзяржавай. Ён заявіў, што дадзеная рэзалюцыя 
              выражае падтрымку народу Беларусі.  
            У чацьвер, 9 сакавіка, у Хэльсынскім Камітэце Кангрэсу ЗША пройдуць 
              грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі напярэдадні 
              прэзыдэнцкіх выбараў. 
              
             
              Ірына Віданава 
              Радыё Свабода 
               
             |