|   Камітэт замежных справаў Сойму Літвы ў пятніцу 
              прыняў рэзалюцыю «Адносна перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі». Усяго 
              ў літоўскім парлямэнце зарэгістраваныя тры праекты рэзалюцыі адносна 
              сытуацыі ў Беларусі. Разгляд агульнай рэзалюцыі Сойму што да рэпрэсіяў 
              у Беларусі перанесены на наступны тыдзень. 
             У рэзалюцыі, прынятай парлямэнцкім камітэтам замежных справаў, 
              асуджаецца «жаданьне беларускіх уладаў задушыць свабоду слова ў 
              Беларусі і права на свабоду выбару», выказваецца падтрымка людзям 
              Беларусі ў іх памкненьнях забясьпечыць павагу ў сваёй дзяржаве да 
              асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў. Рэзалюцыя заклікае неадкладна 
              вызваліць затрыманых лідэраў апазыцыі.  
            Прынятую рэзалюцыю ініцыяваў яшчэ перад пачаткам вясновай сэсіі 
              парлямэнту сацыял-лібэрал Вацлаў Станкевіч, сябра парлямэнцкай групы 
              «За дэмакратычную Беларусь», старшыня камісіі ў справах НАТО і сябра 
              камітэту замежных справаў. Вацлаў Станкевіч сказаў нашаму радыё, 
              што Сойм толькі пачаў сваю працу і рэзалюцыя парлямэнцкага камітэту 
              — гэта спосаб як мага хутчэй адрэагаваць на падзеі ў Беларусі.  
            (Станкевіч: ) «У заяве камітэту замежных справаў ёсьць асобны пункт, 
              дзе мы прапануем беларускім уладам як найхутчэй выпусьціць арыштаваных 
              апазыцыянэраў — мы перакананыя, што так нельга рабіць у цывілізаванай 
              сучаснай краіне. Я ўпэўнены, што такія самыя заклікі будуць і ў 
              рэзалюцыі Сойму».  
            Вацлаў Станкевіч адзначыў, што прыняцьце рэзалюцыі ўсяго Сойму 
              адносна цяперашніх падзеяў у Беларусі надзвычай важна і для самой 
              Літвы, для яе міжнароднага іміджу.  
            Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў, сацыял-дэмакрат 
              Юсьцінас Каросас мяркуе, што ўхваленай сёньня рэзалюцыі дастаткова, 
              а заява ўсяго Сойму можа быць прынятая пасьля выбараў.  
            Тым часам у парадку дня першага паседжаньня вясновай сэсіі літоўскага 
              парлямэнту было абмеркаваньне двух праектаў рэзалюцыі па Беларусі. 
              На прапанову сацыял-дэмакратаў (якія належаць да кіроўчай у Сойме 
              фракцыі) сёньня бальшынёй галасоў вырашана перанесьці разгляд агульнай 
              рэзалюцыі літоўскага Сойму.  
            Адзін з праектаў рэзалюцыі — «Адносна рэпрэсіяў напярэдадні будучых 
              выбараў у Беларусі» — зарэгістравала Раса Юкнявічэне з партыі кансэрватараў 
              «Саюз Айчыны». Юкнявічэне, якая ачольвае парлямэнцкую групу «За 
              дэмакратычную Беларусь», рэзка асудзіла рашэньне адкласьці галасаваньне 
              па зарэгістраванай ёю рэзалюцыі адносна рэпрэсіяў у Беларусі. Раса 
              Юкнявічэне сказала нашаму радыё:  
            (Юкнявічэне: ) «Я хацела, каб Сойм Літоўскай Рэспублікі як прадстаўнік 
              нацыі выказаў сваё яснае, недвухсэнсоўнае стаўленьне да таго, што 
              адбываецца ў Беларусі. Тым болей, што Соймы Латвіі і Эстоніі ўжо 
              прынялі рэзалюцыі ў справе Беларусі. Застаецца толькі шкадаваць, 
              што найбліжэйшая суседка Беларусі Літва так затрымліваецца. Рашэньне 
              адкласьці рэзалюцыю адносна Беларусі — гэта пазыцыя ня ўсёй Літвы, 
              а толькі меркаваньне часткі цяперашняй «камуністычнай намэнклятуры». 
             
            Другі праект рэзалюцыі прапаноўваў кансэрватар Эмануэліс Зінгерыс, 
              кіраўнік парлямэнцкага падкамітэта ў справах палітыкі суседзтва, 
              сябра камітэту замежных справаў. У гэтым праекце зьмешчаны заклікі 
              да больш жорсткай палітыкі з боку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. 
              Зінгерыс спадзяецца, што Сойм прыме агульную рэзалюцыю з улікам 
              палажэньняў абодвух праектаў.  
            (Зінгерыс: ) «Гэта будзе яшчэ ня позна. На жаль, рэпрэсіяў у Беларусі 
              столькі, і улады паводзяцца так, што такая рэзалюцыя ня толькі сёньня 
              будзе актуальная. Я упэўнены, што Сойм прагаласуе за такую рэзалюцыю». 
             
            Агульная рэзалюцыя Сойму Літвы адносна рэпрэсіяў у Беларусі будзе 
              разглядацца 14 сакавіка (гэта найбліжэйшы працоўны дзень: наступныя 
              тры дні ў Літве — выходныя). 
              
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
               
               
             |