|   На гэтым тыдні ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, 
              кіраўнікі, парлямэнты і ўрады многіх краінаў сьвету прымалі рэзалюцыі, 
              выступалі з заявамі і камэнтарамі адносна перадвыбарчай сытуацыі 
              ў Беларусі. 
             Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў падтрымку 
              намаганьняў народа Беларусі ў аднаўленьні дэмакратыі, законнасьці 
              і павагі да правоў чалавека.  
            У Хэльсынскай камісіі ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя 
              Беларусі, на якіх гаварылася пра неабходнасьць жорсткага ціску на 
              ўрад Лукашэнкі з боку ЗША і міжнароднай супольнасьці.  
            У штогадовай справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека 
              ў сьвеце адзначалася, што «становішча з правамі чалавека ў Беларусі 
              застаецца вельмі кепскім і пагоршылася ў шэрагу галінаў».  
            Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага 
              жаночага дня згадаў пра сустрэчу зь дзьвюма беларускімі жанчынамі, 
              жонкамі зьніклых — Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.  
            (Буш: ) «Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія занепакоеныя 
              рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. Мы падтрымліваем жанчын 
              у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя правы напярэдадні выбараў». 
             
            Вашынгтонскі Нацыянальны дэмакратычны інстытут асудзіў хаду выбарчай 
              кампаніі ў Беларусі. Паводле старшыні рады дырэктараў інстытуту 
              Мадлен Олбрайт, «ураду Беларусі ня варта чакаць павагі з боку міжнароднай 
              супольнасьці, калі ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы». 
             
            Эўразьвяз і Рада Эўропы на гэтым тыдні выступілі з заявамі, у якіх 
              выказалі занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Яны асудзілі арышт 
              Вінцука Вячоркі і назвалі гэта чарговым доказам таго, што рэжым 
              Лукашэнкі ня хоча гарантаваць грамадзянам асноўныя ўмовы для вольных 
              і празрыстых выбараў.  
            Эўразьвяз пагражае зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі, 
              калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка будуць зманіпуляваныя, 
              а галасаваньне пройдзе з парушэньнямі, заявіла эўракамісар Бэніта 
              Фэрэра-Вальднер.  
            Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн 
              асудзіў рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі 
              і запатрабаваў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных актывістаў. 
             
            Дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў складзе сямі чалавек мае намер прыехаць 
              у Беларусь для назіраньня за галасаваньнем на выбарах. Вось што 
              заявіў старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар 
              Брок.  
            (Брок: ) «Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны паказаць 
              беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны сьвет».  
            У Эўрапарлямэнце рыхтуецца новы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім 
              будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Прапаноўваецца пашырыць 
              колькасьць беларускіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў КДБ, 
              дзяржаўных мэдыяў на 40 прозьвішчаў — з 7 да 47.  
            У прынятай рэзалюцыі па Беларусі дэпутаты Бундэстагу выказалі сумненьне, 
              што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасьці з дэмакратычнымі 
              стандартамі. Вось што заявіла кіраўніца рабочай групы ў справах 
              Беларусі Ута Цапф.  
            (Цапф: ) «У нашай рэзалюцыі выказанае галоўнае агульнае патрабаваньне, 
              каб выбары прайшлі свабодна і празрыста».  
            Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі спадзяецца, што Варшава зможа пераканаць 
              Эўразьвяз у неабходнасьці салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі 
              сіламі. «Мы будзем падтрымліваць беларускую апазыцыю, мы маем жаданьне 
              гэта рабіць і маем грошы», заявіў Качыньскі.  
            Міністэрства замежных справаў Чэхіі ў адмысловай заяве асудзіла 
              арышт Вінцука Вячоркі і рэпрэсіўныя дзеяньні супраць Аляксандра 
              Казуліна і Анатоля Лябедзькі ды іншых актывістаў.  
            Камітэт замежных справаў Сойму Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой асуджаецца 
              «жаданьне беларускіх уладаў задушыць свабоду слова ў Беларусі і 
              права на свабоду выбару». Рэзалюцыю ініцыяваў Вацлаў Станкевіч, 
              сябра парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь».  
            (Станкевіч: ) «У заяве ёсьць асобны пункт, дзе мы прапануем беларускім 
              уладам як найхутчэй выпусьціць арыштаваных апазыцыянэраў».  
            Украіна далучылася да заявы Эўразьвязу адносна перадвыбарчай сытуацыі 
              ў Беларусі. «Апошнія падзеі ў Беларусі не даюць падставаў чакаць, 
              што прэзыдэнцкія выбары ў гэтай дзяржаве будуць дэмакратычнымі», 
              заявіў міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк. 
              
            Радыё Свабода 
             
             
             
               
             |