|   Кіраўнікі Літвы заяўляюць, што выбарчая кампанія 
              ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным нормам, і што рэпрэсіі беларускіх 
              уладаў ускладняюць сытуацыю ў краіне. Аднак Літва выступіла супраць 
              эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. 
             У часе сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў Зальцбургу 
              (Аўстрыя) 10-11 сакавіка, на якой абмяркоўвалася беларускае пытаньне, 
              кіраўнік літоўскага дыпляматычнага ведамства Антанас Валёніс выступіў 
              супраць эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.  
            У адмысловым прэс-рэлізе Міністэрства замежных справаў Літвы з 
              гэтай нагоды гаворыцца, што адмоўныя наступствы эканамічных санкцыяў 
              найперш адчуюць простыя людзі ў Беларусі, а ня ўлады, таму Літва 
              не падтрымлівае адмену агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў для Беларусі. 
             
            Адначасова міністар замежных справаў Літвы А.Валёніс заявіў, што 
              выбарчая кампанія ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным нормам, 
              жорсткімі сродкамі парушаецца права на свабоднае выказваньне сваёй 
              волі грамадзянаў і апазыцыі.  
            (Валёніс: ) «Затрыманьне кіраўнікоў апазыцыі і іх давераных асобаў 
              паказвае, што цяперашняя адміністрацыя баіцца дэмакратычных выбараў 
              і таму не дазволіць, каб выбарчая кампанія вялася сумленна».  
            Тым часам сьпікер літоўскага Сойму Артурас Паўласкас адзначыў у 
              інтэрвію на Літоўскім нацыянальным радыё, што ізаляцыя беларускай 
              апазыцыі сьведчыць пра складанасьць сытуацыі ў Беларусі, і што немагчыма 
              для апазыцыі перамагчы на такіх выбарах.  
            (Паўласкас: ) «Апазыцыі не даецца магчымасьць зьвяртацца да грамадзянаў, 
              няма ўмоваў для таго, каб выбары былі адкрытыя, дэмакратычныя, справядлівыя. 
              Болей таго — арышты апазыцыі. Папросту ўжываюцца рэпрэсіі, каб ізаляваць 
              кандыдатаў ад сваёй каманды, пакінуць іх адных напярэдадні выбараў. 
              Гэтыя выбары недэмакратычныя. Нашыя парлямэнтары паедуць назіральнікамі, 
              мы зробім свае высновы. Але ўжо сёньня, з увагай да арыштаў, можна 
              сказаць, што сытуацыя складаная, дэмакратыі там і ня бачна».  
            На наступным тыдні Сойм Літвы будзе абмяркоўваць рэзалюцыю адносна 
              рэпрэсіяў у Беларусі, а парлямэнцкі камітэт замежных справаў ужо 
              прыняў рэзалюцыю з асуджэньнем арыштаў у Беларусі. 
              
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |