|   Сёньня ў цэнтры Брусэлю, каля будынкаў Парлямэнцкая 
              асамблеі Рады Эўропы і Эўрапейскай Камісіі прайшла акцыя пратэсту 
              супраць перасьледу і арыштаў прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў 
              на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а таксама супраць магчымых фальсыфікацыяў 
              вынікаў выбараў. 
            У пікеце, які адбываўся ў цэнтры Брусэлю, на пляцы імя Робэрта 
              Шумана, узялі ўдзел каля 20 чалавек, прычым арганізатарамі пікету 
              выступілі украінцы, якія жывуць у Бэльгіі. Гаворыць адзін зь іх 
              — Аляксандар Падбярэзьнік-Кірычэнка:  
            (Падбярэзьнік-Кірычэнка: ) «Сёньня мы разам з братамі-беларусамі 
              бярэм удзел у гэтай акцыі — мы супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў, 
              супраць перасьледу беларускай апазыцыі. Украінцам і беларусам трэба 
              трымацца разам. Жыве Беларусь!» 
            Удзельнікі акцыі трымалі беларускія і ўкраінскія сьцягі, плякаты 
              з надпісамі па-беларуску і па-француску «Не — фальсыфікацыям вынікаў 
              выбараў у Беларусі!», «Свабоду палітывязьням!», «Так свабодным і 
              дэмакратычным выбарам!», «Стоп расейскай акупацыі Беларусі».  
            У пікеце ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня. 
              Гаворыць старшыня гэтай арагнізацыі Зьміцер Піменаў:  
            (Піменаў: ) «Галоўнае, што мы хочам сказаць, гэта рашучае «Не!» 
              фальсыфікацыям на прэзыдэнцкіх выбарах».  
            Падтрымаць удзельнікаў пікету прыйшоў і сябра Рады БНР спадар Янка 
              Жучка.  
            Паводле ягоных словаў, акцыі пратэсту ў справе Беларусі за мяжой 
              вельмі патрэбныя.  
            (Жучка: ) «Мы паказваем Эўропе, што тое, што нашая эўрапейская 
              краіна выключаная з Эўропы, гэта віна толькі нейкай часткі беларусаў, 
              ня ўсіх. Таксама тут і расейскага боку віна ёсьць, што мы ня можам 
              поўнасьцю далучыцца да Эўропы».  
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
            
               
               
             |