Сёньня ўдзельнікі міжнароднай акцыі «Ці магу я
атрымаць права?» (Can I get a right?), якія пратэстуюць супраць
парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, прыехалі ў Варшаву. Акцыю,
у якой ўзялі ўдзел палякі, немцы, галяндцы ды іншыя, наладзіла праваабарончая
арганізацыя «Міжнародная амністыя».
6 сакавіка з Амстэрдаму «да мяжы апошняй дыктатуры ў Эўропе» аўтастопам
выехалі каля трох дзесяткаў студэнтаў з групаў падтрымкі «Міжнароднай
амністыі», якія па дарозе ладзілі інфармацыйныя акцыі – у Галяндыі,
Нямеччыне — прысьвечаныя парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.
Студэнты зь некалькіх эўрапейскіх краінаў маюць намер 16 сакавіка
— за тры дні да выбараў — прыехаць на польска-беларускую мяжу, каб
выказаць сваю салідарнасьць перадусім зь беларускай моладзьдзю.
Сёньня актывісты «Міжнароднай амністыі» былі ў Варшаве. У цэнтры
гораду яны ўсталявалі вялікія партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў.
Гаворыць Валт Олбэрс з Галяндыі:
(Олбэрс: ) «Мы арганізавалі гэтую акцыю, у часе якой маем намер
даехаць да мяжы зь Беларусьсю, каб паказаць, што паўсюль у Эўропе,
вось як тут у Варшаве, мы можам свабодна пратэставаць супраць парушэньняў
правоў чалавека ў Беларусі, а ў самой Беларусі гэта ўжо было б немагчыма.
Сотні людзей прыходзілі на сустрэчы з намі ў Нямеччыне і Галяндыі».
Матэуш Зэглінські з Польшчы:
(Зэглінські: ) «У цяперашняй палітычнай сытуацыі шмат хто забыўся
на тое, што Беларусь гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль
выконваюцца прысуды аб сьмяротным пакараньні. Гэта адна з найважнейшых
праблемаў, якая непакоіць «Міжнародную амністыю», але ня менш важна
і тое, што ў Беларусі няма свабоды выбару. Мы не падтрымліваем нейкую
партыю ці кандыдата, для нас важна, каб не парушаліся правы чалавека,
так як гэта робіцца цяпер у Беларусі».
Па дарозе да беларуска-польскай мяжы, удзельнікі акцыі прапаноўваюць
жыхарам розных краінаў запоўніць уласныя «бюлетэні для галасаваньня»,
дзе галоўныя пытаньні — ці можна ў Беларусі свабодна выказваць уласныя
меркаваньні, ці ёсьць свабода сходаў, выезду за мяжу і гэтак далей.
Вынікі гэтага міжнароднага галасаваньня будуць прадстаўленыя ў
Беластоку праз тры дні.
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|