Пяцёх затрыманых грамадзянаў Украіны суд Фрунзенскага
раёну арыштаваў на 10 сутак. Іх абвінавацілі ў парушэньні Адміністрацыйнага
кодэксу Беларусі, а менавіта, у парушэньні грамадзкага парадку ў
часе правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Непаўнагадовага Цімура
Літвіна беларускія ўлады выдалі прадстаўнікам украінскай амбасады,
каб тыя самі накіравалі яго ва Ўкраіну. А 8 вечара студэнта Днепрапятроўскага
ўнівэрсытэту пасадзілі ў цягнік «Менск-Кіеў». Трох беларускіх грамадзянаў
суд аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў, Алега Лабатага пасадзілі
на трое сутак, а Матвея Чысьціка — на 10. Судзілі 11 затрыманых
да 9 вечара. Суд над яшчэ трыма затрыманымі працягнецца заўтра.
У суд Фрунзенскага раёну прыйшлі некалькі дзесяткаў грамадзянаў,
доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ, прадстаўнікі ўкраінскай амбасады.
Судзілі затрымангых удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам
да 9 вечара.
15 чалавек затрымалі людзі ў цывільным учора ўвечары, калі яны
разам зь іншымі пачалі разыходзіцца па заканчэньні сустрэчы зь Мілінкевічам
ля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага. Сярод іх 6 грамадзянаў
Украіны.
Анатоль Яцэнка быў у Менску на запрашэньне сваіх беларускіх калегаў.
Ён зьяўляецца старшынём Украінскай фэдэрацыі шахмат і шашак. У пратаколе
было напісана, што Анатоль як і іншыя затрыманыя, нібыта агучваў
«лёзунгі, якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы».
Адзін з затрыманых, студэнт Мікола Карпіньскі з Ровенскай вобласьці,
заявіў хадайніцтва, каб яму прадаставілі перакладчыка з украінскай
мовы. Прадстаўнікі ўкраінскай амбасады знайшлі яму перакладчыка
сярод прысутных у судзе.
Мікола Карпіньскі заявіў у судзе, што яго зьбівалі людзі ў цывільным,
пры гэтым яны абкруцілі свае рукі сьцягам Украінскага народнага
блёку. Мікола паведаміў суду, што падчас зьбіваньня яны нецэнзурна
лаяліся і пагражалі, што прымусяць яго зьесьці сьцяг. Мікола Карпіньскі
заявіў, што беларускія ўлады арыштавалі грамадзян Украіны, каб прадухіліць
прыезд у Беларусь сяброў дэмакратычных рухаў Украіны, якія выяўляюць
салідарнасьць зь беларускім народам.
(Карпінскі:) «Чалавек біў мяне, наматаўшы на кулак сьцяг са словамі:
«Ты яго зараз сажрэш!». Я мяркую, што такія меры ўжываюць дзеля
прадухіленьня прыезду 19 сакавіка сяброў грамадзкіх аб’яднанаьняў
«Пора», «Студэнцкае брацтва», ды іншых людзей, якія зацікаўленыя
ў правядзеньні дэмакратычных выбараў у Беларусі. Мы прыехалі ў Беларусь
толькі для таго, каб сустрэцца з Мілінкевічам і выказаць сваю салідарнасьць
з беларускім народам.»
Сяржант Дрозд, баец спэцназу міліцыі, быў сьведкам у справе Арцёма
Бажынскага. Ён паведаміў, што грамадзяне Ўкраіны агучвалі лёзунгі,
якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы. Паводле яго, гэта лёзунг
«Беларусь у Эўропу!». Ён патлумачыў, што гэта абражае Аляксандра
Лукашэнкі, бо супярэчыць яго ўнутранай і зьнешняй палітыцы.
Арцёма Бажынскага, Ігара Галубіцкага, Міколу Карпінскага, Натальлю
Касарчук і Анатоля Яцэнку суд пакараў арыштам на 10 сутак.
Мацьвея Чысьціка пакаралі на 10 суткамі арышту, а Алега Лабатага
— трыма. Сяржука Мацкойца і Алега Ларычава, аштрафавалі на 20, а
Валянціна Сакалоўскага — на 25 базавых велічыняў. Яшчэ трох будуць
судзіць заўтра.
Радыё Свабода
|