На вуліцах Бэрліна зьявіліся плякаты з запрашэньнямі
на імпрэзу «Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі», якая пройдзе 19 сакавіка
ва ўсходнім раёне нямецкай сталіцы — Вайсэнзэе. Тэкст запрашэньняў
напісаны як па-нямецку, так і па-беларуску. Арганізатары імпрэзы
— новае згуртаваньне «Беларусы ў Бэрліне», створанае з ініцыятывы
выпускнікоў Бэрлінскага вольнага ўнівэрсытэту беларуса Максіма Грушавога
і немца Інга Пэца. Абодва яны — аўтары шэрагу інфармацыйных і мастацкіх
праектаў, зьвязаных зь Беларусьсю, у тым ліку й музычнага турнэ
па Нямеччыне гурту NRM.
Наш ранішні званок Максіму Грушавому, які разам з сваімі сябрамі
ў гэты час ужо, як кажуць, на нагах.
(Грушавы: ) «Цяпер мы рыхтуем памяшканьне ў будынку старой хлебнай
фабрыкі ў бэрлінскім раёне Вайсэнзэе, каб там зладзіць імпрэзу для
ўсіх, хто зацікаўлены ў лёсе свабоднай Беларусі. Гэта і тыя беларускія
студэнты, якія навучаюцца тут, і тыя, хто лічыць сябе бэрлінскімі
беларусамі, і таксама немцы, якія неабыякавыя да Беларусі.
Згодна з дэвізам «Усё, што ні робіцца, ёсьць палітыкаю!», мы хочам
скарыстаць падзеі 19 сакавіка, каб сабрацца ў клюбе, каб патанчыць,
паесьці, паглядзець кіно, пагутарыць. Не таму, што мы мяркуем, што
палітычнае становішча ў Беларусі вартае сьвяткаваньня, а таму, што
мы верым у нашую краіну, таму што ў нас ёсьць надзея — на лепшую
будучыню для Беларусі.
Акрамя таго, мы ўвогуле хочам паказаць, што такое для нас Беларусь.
Бо ў Эўропе пра Беларусь ведаюць мала. Шмат хто ня ведае, як яна
выглядае, што за людзі там жывуць. Мы хочам, каб нашая краіна набыла
аблічча. Для гэтага мы падрыхтавалі невялікую мультымэдыйную выставу.
Безь вялікай палітыкі абысьціся ў такі вечар ня ўдасца. Таму на
працягу вечара мы правядзем наўпроставыя ўключэньні зь Менску праз
Інтэрнэт, каб запытацца пра сытуацыю ў Беларусі ў людзей, якія будуць
гэта ведаць. І, нарэшце, мы будзем галасаваць. Таму мы запрашаем
ўсіх, хто знаходзіцца цяпер у Нямеччыне, прыйсьці на нашую вечарыну.
Пачатак а 19-й гадзіне. Так што прыходзьце. Мы, беларусы ў Бэрліне,
будзем радыя».
Больш падрабязная інфармацыя пра імпрэзу — на сайце www.belarusnews.de
Радыё Свабода
|