Варшаўскі ды-джэй ставіць кружэлку «Я нарадзіўся
тут» падчас раста-вечарынкі ў студэнцкім клюбе, амэрыканскія кангрэсмэны
апранаюць джынсы, а Вацлаў Гавал запальвае сьвечку ў акне. Паасобку
акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю здаюцца кропкавымі, аднак, зірнуўшы
на іх разам, разумееш: такую маштабную падтрымку мы адчуваем упершыню.
Адна справа — прачытаць у газэце караценькую нататку пра чарговыя
затрыманьні ў далёкай Беларусі і зусім іншая — натыкнуцца на вуліцы
свайго гораду на людзей, якія распавядуць табе пра гэтую краіну
зь першых вуснаў. Асабісты кантакт зь Беларусьсю — вось стрыжань
замежных акцыяў салідарнасьці.
16
Найбольш сыстэмнай з усіх, бадай, ёсьць акцыя «Дзень салідарнасьці»,
што адзначаецца ў 16-га кожнага месяца. Яна ўдала спалучыла ў сабе
два элемэнты: «салідарнасьць разам» (пікетаваньні ці канцэрты) ды
«салідарнасьць паасобку» (сьвечкі ў вокнах). Спачатку падтрыманая
невялікім колам неабыякавых, акцыя няўхільна набывае папулярнасьць.
Такога масавага Дня салідарнасьці, як сёлетняе 16 лютага, яшчэ не
было. Арганізаваная «Міжнароднай амністыяй» акцыя пракацілася ад
гарадоў Эўропы да ЗША з Канадай. Выспачкі салідарнасьці на адзін
дзень зрабіліся сусьветным архіпэлягам. Удзельнікі — найперш студэнты,
палітуцекачы, эмігранты маладога пакаленьня, а таксама іх мясцовыя
сябры, неабыякавыя да Беларусі.
У Вашынгтоне дэманстранты раздавалі мінакам джынсавыя стужкі, на
якіх была праштампаваная лічба «16». Да пікетоўцаў выйшаў апрануты
ў джынсы кангрэсмэн-рэспубліканец зь Мічыгану Тэд Макотэр. «Што
б ні здарылася, мы ніколі не забудземся на народ Беларусі і не адрачэмся
яго», — сказаў ён.
Пад пахмурным небам Парыжу ля Эўфэлевай вежы невялікая група пікетоўцаў
трымала самаробныя, пісаныя па-француску кардонныя плякаты ды бел-чырвона-белы
сьцяг. У Боне студэнты стаялі, заляпіўшы раты скотчам. У Будапэшце
сьвечкі ляжалі на сьнезе перад чорна-белымі партрэтамі.
Суседзі перажываюць
Найвялікшыя акцыі, натуральна, праходзяць у краінах-суседках. У
Кіеве пасольства Беларусі завешалі бел-чырвона-белымі ды джынсавымі
стужкамі. Падтрымаў акцыю цэлы шэраг украінскіх палітычных арганізацыяў.
Добра прыдалася плястыкавая стужка ў чырвоныя ды белыя палосы, якой
звычайна агароджваюць будоўлю. Зь яе ўдзельнікі панарабілі сабе
пасы ды бандэлькі на галаву.
У Польшчы акцыя салідарнасьці прайшла ажно ў 10 гарадох, прычым
гэта былі ня толькі пікеты.
Салідарнасьць робіцца шматузроўневай, з палітыкі пераходзіць у
культуру. Адмыслова для канцэрту Neuro Dubel`я ў Варшаве польскі
гурт Big Cyc стварыў песьню «Дыктатар».
Постскрыптумам у Маскве 18 лютага правялі пікет ля МЗС пад назвай
«Свабоду Беларусі». Акцыі салідарнасьці ў Маскве варта вылучыць
асобным радком — гэта адзіная краіна, у якой даводзіцца пратэставаць
як супраць беларускай, так і супраць уласнай, скіраванай на падтрымку
беларускага рэжыму палітыкі ды яшчэ і адбівацца (у літаральным сэнсе)
ад нэафашыстаў.
Новы імпульс акцыі дадае ўдзел у ёй вядомых асобаў. 16 лютага запалілі
ў сваіх вокнах сьвечкі Вацлаў Гавал ды многія іншыя эўрапейскія
палітыкі — і гэта найлепшая падтрымка тым беларусам, хто, запальваючы
сьвечку перад шыбаю, спадзяецца пабачыць агеньчыкі ў вокнах аднадумцаў,
аднак заўважае там толькі сьвятло тэлеэкранаў.
Журналісты — за сваіх
Цалкам адметныя акцыі салідарнасьці ладзілі журналісты. Летась
23 лістапада найбуйнейшыя польскія газэты выйшлі з чорнымі плямамі,
а на вуліцах польскіх гарадоў ды Брусэлю зьявіліся плякаты са здымкамі
беларускіх журналістаў і грамадзкіх дзеячаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.
Гэта, бадай, была адна з самых паліттэхналягічных акцыяў — яе канцэпцыю
«Міжнародная Амністыя» распрацоўвала сумесна з рэклямнай агенцыяй
Saatchi & Saatchi.
27 лютага польская Gazeta Wyborcza, чэская Lidove Noviny, вугорская
Magyar Hirlap ды вядучая славацкая газэта Sme надрукавалі карыкатуры
на Лукашэнку. Зрабілі яны гэта на знак салідарнасьці зь беларускімі
карыкатурыстамі ды мультыплікатарамі, якія праз сатыру на прэзыдэнта
апынуліся пад пагрозай турэмнага зьняволеньня.
Прастора для імправізацыі
Сябры галяндзкай філіі «Міжнароднай Амністыі» вырашылі дамагацца
праўды... на колах. 6 сакавіка яны выправіліся з Амстэрдаму ў вандроўку
аўтастопам да беларускай мяжы. Акцыя мае назву «Ці магу я атрымаць
права?». Яе мэта — прыцягнуць увагу да несправядлівых выбараў ды
выказаць салідарнасьць сем`ям рэпрэсаваных ды зьніклых. Маршрут
студэнтаў пройдзе праз Бон, Гановэр, Бэрлін ды Варшаву, дзе да вандроўнікаў
будуць далучацца новыя групы. Скончыцца акцыя вялікай дэманстрацыяй
на польска-беларускай мяжы. Вось толькі пакуль не вядома, ці перакінецца
яна на іншы бок.
Выбары далі імпульс для імправізацыяў. Ня ўсе беларусы замежжа
ды замежныя аматары беларушчыны змогуць патрапіць 19 сакавіка на
Кастрычніцкую плошчу. Каб неяк выпусьціць пару, на выбары плянуецца
адчыніць таталізатар у адным зь мясцовых клюбаў Дрэздэну. Можна
будзе ня толькі папіць піва ды паглядзець апошні выпуск тэленавінаў,
але і паставіць на аднаго з кандыдатаў. Калі ўгадаў — атрымліваеш
свае грошы назад, калі не — кажы грошыкам «бывай», яны пойдуць на
аплату залі.
Калі арганізатары дрэздэнскай вечарынкі найперш немцы, дык імпрэза
«Беларусь галасуе ў Бэрліне» паўстала дзякуючы высілкам найперш
беларусаў, якія жывуць у сталіцы Нямеччыны. Салідарнасьць беларусаў
зь беларусамі — тэма дужа актуальная. Згуртаваліся яны з дапамогай
Інтэрнэту. Вынік: 19 сакавіка а 19-й у памяшканьні былой хлебнай
фабрыкі на плошчы Калігары пройдзе вечарына з музыкай, дыскусіяй
ды нават прамым уключэньнем з рэвалюцыйнага Менску.
У памежных раёнах Польшчы зьявіліся бігборды, прысьвечаныя беларускім
выбарам. Тымчасам смаленскія ўлады паздымалі бігборды з агітацыяй
за Мілінкевіча, што стаялі на шашы Менск-Масква і былі аплачаныя
беларусамі Расеі.
Сіла бессыстэмнасьці
Голым вокам бачна: прабеларуская актыўнасьць у замежжы рэзка ўзрастае.
Найлепш гэта бачна па дзейнасьці такога праваабарончага волата,
як «Міжнародная Амністыя». Аднак моц акцыяў салідарнасьці не абавязкова
ў тым, што яны ладзяцца арганізавана. Бессыстэмнасьць, спантаннасьць
— таксама важны элемэнт.
Пасьпяшаўся той, хто паставіў крыж на новай генэрацыі беларускай
дыяспары. Толькі смаленскія ўлады прымусілі зьняць рэкляму за Мілінкевіча
з шашы Масква-Менск, як у Польшчы паабапал памежных зь Беларусьсю
трасаў зьявіліся білборды зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Абедзьве
акцыі — плён працы маладой эміграцыі.
Сайт «Хартыі’97» зьмяшчае ліст Алесі Флоры, якая сама зладзіла
Дзень салідарнасьці для жыхароў каліфарнійскага мястэчка Боўлдэр-Крык.
Маляваныя ад рукі плякаты, невялічкая правінцыйная кавярня, сябры,
якія прыходзяць паглядзець на запаленую ў акне сьвечку...
Ці невялічкая кнігарня ў нямецкім мястэчку Вітэнбэрг, якая выставіла
на галоўную вітрыну том прозы Быкава... Колькі яшчэ такіх мікраакцыяў
праходзяць незаўважаныя прэсай. Іх галоўны вынік: «маленькія» людзі
пачынаюць верыць у тое, што могуць нешта зьмяніць. А яшчэ яны даведваюцца,
што побач зь імі жывуць такія ж «маленькія», але моцныя духам людзі.
Алесь Кудрыцкі
«Наша Ніва»
|