|   У Варшаве каля амбасады Беларусі зьявіўся намёт, 
              у якім дзень і ноч знаходзяцца актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі 
              ў Беларусі. Там можна таксама ўзяць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні. 
            Гэтымі днямі ў Варшаве стала значна халадней, асабліва ўначы, аднак 
              сяброў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі гэта не палохае. 
              Адзін з актывістаў арганізацыі Ян Гебэрт кажа, што намёт каля беларускай 
              амбасады гэта напамін беларускім дыпляматам аб тым, што міжнародная 
              супольнасьць будзе памятаць людзей, якія бяруць удзел у фальсыфікацыях 
              вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.  
            (Гебэрт: ) «Намёт стаіць, па-першае, для таго, каб ня даць спакою 
              тым, хто знаходзіцца ўнутры амбасады. Каб яны ведалі, што вось сёньня 
              пачынаецца папярэдняе галасаваньне, і мы пра гэта ведаем і будзем 
              памятаць пра тых, хто займаецца фальсыфікацыямі. Каб яны таксама 
              пра гэта памяталі».  
            У намёце ўвесь час знаходзяцца два чалавекі, якія інфармуюць мінакоў 
              пра мэту акцыі і сытуацыю ў Беларусі. Штодзённа плянуецца выдаваць 
              сьвежую ўлётку, прысьвечаную апошнім падзеям выбарчай кампаніі. 
             
            Беларусы, якія жывуць у Польшчы будуць таксама мець магчымасьць 
              упершыню ўзяць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні.  
            (Гебэрт: ) «На вуліцы Вяртнічай каля амбасады Беларусі будзе стаяць 
              скрынка, і мы запрашаем усіх беларусаў, якія будуць галасаваць у 
              амбасадзе, а таксама тых, хто ня можа паводле свайго статусу ўвайсьці 
              на тэрыторыю пасольства, прагаласаваць і ў нас. Цікава будзе потым 
              параўнаць вынікі галасаваньня».  
            Намёт будзе стаяць каля беларускага пасольства прынамсі да 20 сакавіка, 
              а, як кажуць актывісты, «ў разе патрэбы» і даўжэй.  
            Цікава, што ў вялікім намёце ёсьць яшчэ намёт меншы, каб было цяплей. 
              Удзельнік акцыі маюць таксама невялікая абаграваючае прыстасаваньне. 
             
            Дапамогу актывістам Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі ў 
              выглядзе гарачай гарбаты ці супу ўжо запрапанавалі некаторыя людзі, 
              што жывуць побач зь беларускай амбасадай, сярод іх вядомая польская 
              акторка Малгажата Браўнэк.  
              
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
               
               
             |