|   Напярэдадні ў Вільні адбылася пятая ўжо акцыя беларуска-літоўскай 
              салідарнасьці. Гэтым разам акцыя салідарнасьці са зьніклымі і пацярпелымі 
              ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі адбылася пры ўдзеле рок-гурту 
              «NRM», які ўпершыню выступіў у Літве. 
             Такія акцыі 16-га дня кожнага месяца сталі традыцыяй — дзякуючы 
              беларускай і літоўскай моладзі, згуртаванай Цэнтрам беларускіх ініцыятываў 
              у Літве. Акцыю падтрымаў і літоўскі Фонд абароны грамадзянаў.  
            Перад канцэртам у залі найбольшага балтыйскага інфармацыйнага агенцтва 
              БНС адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды акцыі. Арганізатары адзначылі, 
              што імкнуцца зьвярнуць увагу моладзі Літвы да праблемы парушэньня 
              правоў чалавека у Беларусі. Выступоўцы, літоўскія музыкі, гаварылі 
              пра падтрымку памкненьняў да свабоды ў Беларусі.  
            Падчас канцэрту заля аднаго з найбольш вядомых віленскіх клюбаў 
              у старым горадзе, разьлічаная на 500 месцаў, была запоўненая. Лідэр 
              гурту «NRM» Лявон Вольскі сказаў радыё «Свабода»:  
            (Вольскі: ) «Для нас вельмі істотна доўжыць гэтыя сувязі, ладзіць 
              тут канцэрты, знаёміцца менавіта з сучаснай віленскай публікай. 
              Я маю ў плянах паспрабаваць вывучыць хаця б пачаткова літоўскую 
              мову – мову нашых суседзяў. Калі б была магчымасьць езьдзіць сюды 
              часьцей, у варунках не палітызаваных, а проста творчых, я быў бы 
              вельмі шчасьлівы».  
               
              Цягам чатырохгадзіннага канцэрту паўсюль у залі гарэлі белыя і чырвоныя 
              сьвечкі, луналі некалькі вялікіх бел-чырвона-белых сьцягоў. На першы 
              віленскі канцэрт «NRM» прыйшлі людзі самых розных узростаў. Заля 
              вітала беларускіх рок-музыкаў: «Жыве Беларусь! «NRM»!» 
            (Дзяўчына: ) «Ад канцэрту ўражаньні найлепшыя, гэта вельмі моцная 
              каманда, такіх у Літве, трэба сказаць шчыра, папросту няма».  
            (Спадарыня: ) «Я была ў Менску на канцэрце, там было іначай. Тут 
              яны іншыя, яны адкрыліся, было гэтае пачуцьцё свабоды, якое лунае 
              над Вільняй. Было і радасна, і крыху крыўдна, што ў нас так не бывае». 
             
              
            Тацяна Поклад 
              Радыё Свабода 
               
               
             |