Рэакцыя свету на вынікі выбараў у Беларусі
20 марта 2006

АБСЭ

Назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ заявілі, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Таксама не былі выкананы забавязаньні перад АБСЭ адносна дэмакратычных выбараў, нягледзячы на тое, што людзям далі магчымасьць сапраўднага выбару з чатырох кандыдатаў.

Вынікі назіраньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску агучылі старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Элсі Хастынгс і кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў Герт Арэнс.

Спадар Хастынгс заявіў, што выбары як такія не ствараюць дэмакратыі, аднак зьяўляюцца найважнейшым аспэктам дэмакратычнага працэсу.

(Хастынгс: ) «У Беларусі дэмакратычны працэс знаходзіцца ў пачатковым стане і разьвіваецца вельмі марудна».

Паводле спадара Хастынгса, прагрэс быў у асобных пытаньнях — напрыклад, рэгістрацыя кандыдатаў і падрыхтоўка ЦВК. Гэтыя ды іншыя станоўчыя аспэкты будуць адлюстраваны ў больш дэталёвай справаздачы.

(Хастынгс: ) «Аднак прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сакавіка не адпавядалі неабходным міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Заключэньне Парлямэнцкай Асамблеі і Бюро дэмакратычных інстытутаў грунтуецца на значным матэрыяле, які схіляе да крытычнай ацэнкі. На жаль, істотныя недахопы азмрочылі ўсе пазытыўныя аспэкты, заўважаныя падчас выбараў».

Спадар Хастынгс заявіў, што ўлада не дазволіла многім назіральнікам прыняць удзел у назіраньні. 19 прадстаўнікам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адмовілі ў візах. У гэтым сэнсе Беларусь парушыла свае міжнародныя забавязаньні.

(Хастынгс: ) «Відавочна, што дзейны прэзыдэнт дазволіў так скарыстаць дзяржаўную ўладу, каб не адбыліся свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі».

Кіраўнік назіральнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў Герт Арэнс заявіў, што падчас выбараў было зашмат сур’ёзных парушэньняў міжнародных стандартаў у галіне выбараў.

(Арэнс: ) «Зь вялікім шкадаваньнем мы назіралі, як пагаршаецца сытуацыя напрыканцы выбарчай кампаніі, уключаючы шырокамаштабныя затрыманьні актывістаў і прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці. І пазытыўная ацэнка выбараў стала проста немагчымай. Я вельмі шкадую. Аднак абавязацельствы АБСЭ павінны быць найвышэй за ўсё, і выбары гэтым стандартам не адпавядалі».

У справаздачы назіральнай місіі АБСЭ гаворыцца, што злоўжываньні дзяржаўнай уладай, відавочна, мелі за мэту абараніць дзейнага прэзыдэнта. Дзейны прэзыдэнт яўна скарыстаўся дзяржаўнай уладай так, што гэта не дазволіла грамадзянам свабодна і справядліва выявіць сваю волю падчас галасаваньня, адзначана ў справаздачы назіральнікаў АБСЭ.

 

Злучаныя Штаты

Злучаныя Штаты не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымліваюць заклікі правесьці паўторныя выбары. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар амэрыканскай адміністрацыі Скот Маклелан

 

Расея

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта Беларусі. «Вынікі выбараў сьведчаць пра тое, што выбаршчыкі падтрымліваюць Ваш курс на далейшае паляпшэньне дабрабыту беларускага народу» — гаворыцца ў віншаваньні Пуціна Лукашэнку.

 

Сябры Эўразьвязу

Сябры часовай (ad hoc) Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у распаўсюджанай сёньня ў Брусэлі адмысловай заяве напісалі, што Аляксандар Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

«Учора народ Беларусі чарговы раз пазбавілі ягонага фундамэнтальнага права на ўдзел у свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбарах», — гэтымі словамі пачынаецца тэкст заявы эўрапейскіх парлямэнтароў.

У дакумэнце адзначаюцца чатыры пункты, на падставе якіх была зробленая выснова аб недэмакратычнасьці беларусіх выбараў.

Паводле дэпутатаў, галасаваньне адбывалася ў атмасфэры страху і пагрозаў на адрас удзельнікаў мірных дэманстрацыяў, сотні актывістаў апазыцыі былі арыштаваныя напярэдадні выбараў, правы незалежных кандыдатаў былі абмежаваныя, а беларускія ўлады не пусьцілі ў краіну назіральнікаў ад Эўрапейскага парлямэнту.

Дэпутаты віталі таксама масавыя дэманстрацыі ў Менску, назваўшы іх «перамогай над страхам».

Аўтары заявы заклікалі Эўрапейскі зьвяз весьці больш жорсткую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, каб «ізаляваць рэжым», і адначасова ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Дэпутаты заклікалі таксама міжнародную супольнасьць паставіць беларускае пытаньне «ў сьпіс прыярытэтных».

Гаворыць старшынія Дэлегацыі Эўарапарлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў Богдан Кліх:

(Кліх: ) «Выбары спадара Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта адбыліся незаконна, таму мы зьвяртаемся да Эўрапейскай камісіі з заклікам пашырыць сьпіс неўязных беларусіх чыноўнікаў і адначасова спрасьціць візавы рэжым для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ўсіх беларускіх грамадзянаў, каб яны маглі без перашкодаў наведваць краіны Эўразьвязу».

Вядучыя заходнія медыі і інфармацыйныя агенцыі перадаюць пра першую рэакцыю вядучых эўрапейскіх палітыкаў на выбары ў Беларусі. Паводле нямецкага выданьня Handelsblatt, у Бэрліне федэральны канцлер Ангела Мэркель заявіла пра рашучую падтрымку апазыцыі, у Брусэлі эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр адзначыла: «Вельмі верагодна, што ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску будзе дзейнічаць рашуча». Выданьне прыводзіць выказваньні міжнародных назіральнікаў за выбарамі ад АБСЭ, якія сьведчаць «пра наяўнасьць шматлікіх доказаў парушэньняў дэмакратычнага выбарчага працэсу ў Беларусі».

Фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель гарантуе далейшую падтрымку беларускай апазыцыі. Як перадае нямецкая агенцыя DPA, ўрадавыя палітыкі і апазыцыя рэзка крытыкуюць аўтарытарны рэжым у Беларусі.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка нямецкага Бундэсканцлера Томаса Штыга, дадзеныя, якія сьведчаць пра перамогу Лукашэнкі маюць адценьне падлогу, у наяўнасьці шмат прыкметаў таго, што выбары не былі свабоднымі і празрыстымі. Часам апошніх дзён апарат Лукашэнкі настойліва пагражаў апазыцыі пакараньнем акцыяў пратэсту, заяўляе афіцыйны прадстаўнік Мэркель. Паводле ягоных словаў, сваімі дзеяньнямі ў часе выбарчай кампаніі апазыцыя знайшла глыбокую павагу ў вачох нямецкага ўраду і заслугоўвае ўсялякай салідарнасьці і падтрымкі.

Цяперашні міністар замежных справаў Эўразьвязу, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Аўстрыі Урсула Пласьнік заявіла, што ЭЗ занепакоены той атмасфэрай запалохваньня і пагрозаў, якая існавала ў Беларусі напярэдадні выбараў. Паводле яе словаў, кантроль за хадой выбараў быў немагчымы, бо было прымусовае датэрміновае галасаваньне. Аднак, лічыць спадарыня Пласьнік, «ніякая зіма ня вечная, у тым ліку і ў Беларусі».

Эўракамісар Бэніта-Фэрэра Вальднэр заявіла пра неабходнасьць уваленьня Эўразьвязам візавых санкцыяў у дачыненьні да шырокага кола вядучых беларускіх дзеячаў. Што да эканамічных санкцыяў, то яны ня павінны разглядацца, паколькі ў іх выніку можа пацярпець насельніцтва краіны.

Паводле генэральнага сакратара Рады Эўропы Тэры Дэвіса, пераабраньне Лукашэнкі не адпавядае прынцыпам вольных і карэктных выбараў. Адвольнае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў, якое ў часе выбараў было накіравана на падтрымку дзейнага прэзыдэнта, выходзіла за звычайныя прымальныя рамкі. Мандат Лукашэнкі, быў такім чынам, «абмараны», лічыць Тэры Дэвіс.

 

Міністэрства замежных справаў Польшчы

Міністэрства замежных справаў Польшчы заяўляе, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі сфальсыфікаваныя і мае намер, незалежна ад пазыцыі Эўразьвязу, пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, які я ня змогуь уехаць на польскую тэрыторыю.

Дырэктар дэпартамэнту інфармацыі МЗС Польшчы Павал Дабраволські заявіў Інфармацыйнаму агенцтву польскага радыё, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі «не былі дэмакратычнымі і несумненна, на ўсіх стадыях, пачынаючы ад выбарчай кампаніі, былі сфальсыфікаваныя».

Паводле спадара Дабравольскага, Варшава будзе дамагацца ў Брусэлі ўвядзеньня санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму — «санкцыяў хірургічных, якія ўдарылі б у рэжым і не прынесьлі шкоды простым беларусам».

Павал Дабравольскі заявіў, што незалежна ад рашэньня Эўразьвязу, Польчша самастойна ўвядзе ўласныя санкцыі — перадусім пашырыць сьпіс асобаў, «якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі» і якім будзе забаронены ўезд на польскую тэрыторыю.

 

Радыё Свабода