|   Чацьвертая раніцы ў Менску, намётавы гарадок на 
              Кастрычніцкай плошчы зьнішчаны. Зь месца падзеяў перадае карэспандэнт 
              «Свабоды»: «На дадзены момант на Кастрычніцкай плошчы можна заўважыць 
              некалькі трактароў, якія зграбаюць тое, што засталося ад намётавага 
              лягеру. Тут ужо пабывала некалькі машынаў, грузавікоў, якія вывозілі 
              абсалютна ўсё, што было ў дэманстрантаў. Я падкрэсьлю, што папярэдне 
              сьцягі і транспаранты забралі людзі ў цывільным. Усё астатняе без 
              разбору вывозіцца. Якраз зараз некалькі бульдозэраў зь некалькіх 
              бакоў усё счышчаюць у адно месца.» 
             «Апэрацыя, якую нават нельга назваць штурмам, скончылася ўсяго 
              за дваццаць хвілінаў. Пасьля таго як людзей адвезьлі, яшчэ пэўны 
              час стаяла ачапленьне міліцыі, але журналісты бачылі, што ў гэтае 
              ачапленьне ўвайшлі людзі ў цывільным і таксама людзі, якія мелі 
              бытавыя відэакамэры — звычайна такім камэрамі робяцца апэратыўныя 
              здымкі на масавых мерапрыемствах. Дык гэтыя людзі пахадзілі пэўны 
              час і выйшлі, потым зьнялі ачапленьні і дазволілі журналістам падыйсьці 
              да таго месца, дзе знаходзіўся лягер.  
            Калі супрацоўнікі камунальных службаў пачалі прыбіраць рэшткі лягеру, 
              тыя людзі, якія там знаходзіліся зь ліку супрацоўнікаў, знайшлі 
              гару пустых бутэлек — гэта былі бутэлькі ад гарэлкі, а таксама плястыкавыя 
              бутэлькі ад піва. Яны былі неяк так складзеныя ў адну гару, ня вельмі 
              акуратна, сканцэнтраваныя ў адным месцы. Журналісты адразу адзначылі, 
              што якраз у тым сэктары лягеру якраз больш за ўсё прысутнічалі людзі 
              ў цывільным і тыя, хто вёў апэратыўную здымку.  
            На дадзены момант на плошчы знаходзяцца некалькі міліцыянтаў, журналістаў 
              цяпер вельмі многа, болей за ўсіх — некалькі дзясяткаў чалавек, 
              і некалькі супрацоўнікаў камунальных службаў. Якраз зараз гэтыя 
              супрацоўнікі зьбіраюць у коўш экскаватара сьмецьце. Яны вельмі дакладна 
              перабіраюць, дзе і што знаходзіцца. Бо тут вельмі шмат прыватных 
              рэчаў — тэрмасы, вопратка, ежа. Фактычна, усіх пахапалі ў тым, у 
              чым яны былі, палову зь іх пабудзілі. Апэрацыя не была імгненная, 
              і людзям якія спалі ў намётах, далі час каб прачнуцца і ачуняць, 
              каб яны маглі павылазіць з намётаў.  
            Некалькі хвілінаў таму я размаўляў з адзіным хлопцам з намётавага 
              гарадку, які ацалеў. яму ўдалося выбрацца — ён сказаў, што ніякага 
              гвалту не было. Дзякуючы нейкай невядомай жанчыне, якая пад час 
              ачапленьня зразумела, што лягера больш ня будзе, яна ўзяла ў рукі 
              мэгафон, папрасіла не ўжываць гвалт і сказала, што ўсё зробім самі. 
              Гвалту сапраўды не было, адзінае, калі ўжывалася сіла — гэта калі 
              людзей запіхвалі ў аўтазакі і адвозілі.  
            На момант штурму колькасьць людзей у гарадку стабілізавалася — 
              у тры гадзіны ўночы новыя людзі не падыходзілі. Паводле ацэнак журналістаў, 
              іх было крыху меней за 500 чалавек. Частка зь іх стаяла па пэрымэтры 
              і бараніла лягер, частка адпачывала. Болей за ўсё стаялі хлопцы, 
              адпачывалі дзяўчаты».  
             
              
             Радыё Свабода 
             
             
               
             |