|   Сёньня акцыі з нагоды Дня Волі і ў падтрымку ўдзельнікаў 
              дэманстрацыяў у Менску адбыліся і яшчэ цяпер адбываюцца (да 21 паводле 
              менскага часу) у шэрагу эўрапейскіх сталіцаў — Парыжы, Брусэлі, 
              Стакгольме, Варшаве, Вiльнi. 
             Першая акцыя пачалася ў Брусэлі прыкладна аб 11 гадзіне. Каля 
              20 чалавек прыйшлі на плошчу імя Робэрта Шумана ў цэнтры бэльгійскай 
              сталіцы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сталі насупраць будынкаў, 
              дзе месьціцца кіраўніцтва галоўных структураў Эўразьвязу.  
            Гаворыць Ігар Лазарчук.  
            (Лазарчук: ) «У Бэльгіі шмат пішуць пра Беларусь і ролю Расеі, 
              якая падтрымлівае рэжым Беларусі. Ёсьць меркаваньні, што Расея не 
              павінна ў сувязі з гэтым уваходзіць у склад G8. Мы інфармуем бэльгійцаў 
              у часе пікету менавіта пра гэтую ролю Масквы, дзякуючы якой рэжым 
              трымаецца».  
            Між тым у цэнтры Стакгольму прадстаўнікі Зьвязу Беларусаў Швэцыі 
              таксама правялі акцыю ў гонар Дня Волі. У часе мітынгу быў зачытаны 
              зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, прысутныя пазнаёміліся 
              таксама з гісторыяй паўстаньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гаворыць 
              сустаршыня Зьвязу Беларусаў Швэцыі Алесь Ліцьвінчык.  
            (Ліцьвінчык: ) «Мы выйшлі падтрымаць акцыю, што адбываецца ў Менску. 
              Патрымаць тых патрыётаў, якія ў турмах, падтрымаць іхных сваякоў. 
              Мы хочам паказаць, што нават калі мы далёка, мы спрабуем рабіць 
              усё магчымае, каб перамагчы дыктатарскі рэжым». 
            Падобная акцыя прайшла таксама ў Парыжы.  
            Сьвяточныя акцыі салідарнасьці зь беларусамі адбываюцца таксама 
              ў Варшаве — там некалькі канцэртаў, адбудзецца мітынг каля амбасады. 
              
             Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
             
               
             |